Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія пасажыры прымусова пасаджанага самалёта цытуюць апошнія словы Пратасевіча: «Мяне чакае сьмяротнае пакараньне»


Фота: delfi.lt
Фота: delfi.lt

Партал delfi.lt пагаварыў з адным з пасажыраў самалёта авіякампаніі Ryanair, які сёньня на загад Лукашэнкі быў прымусова пасаджаны ў Менску.

Спэцслужбы прымусілі самалёт, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, прызямліцца ў Менску дзеля аднаго пасажыра — Рамана Пратасевіча, апазіцыйнага актывіста і блогера. Ён быў арыштаваны. Непасрэдна перад тым, як вайскоўцы вывезьлі яго ў невядомым кірунку, Пратасевіч сказаў пасажырам, што былі побач: «Мяне чакае сьмяротнае пакараньне», паведамляе delfi.lt.

Кароткая размова з маладым беларускім апазыцыйным актывістам запомнілася не аднаму пасажыру. Жахлівая навіна і зацятае маўчаньне вайскоўцаў і лётнага экіпажу выклікалі яшчэ большую трывогу. Да таго ж усіх, нібы злачынцаў, абшукалі вайскоўцы з сабакамі, трымаючы ў вузкім калідоры для агляду, нават не пускаючы ў прыбіральню.

Людзі, якія ляцелі з адпачынку, кажуць, што інфармацыя пра нібыта канфлікт, пасланая зь Менску кіраўнікам кампаніі «Аэрапорты Літвы», была ілжывай.

«Тры гадзіны нас трымалі ў вузкіх калідорах без вады, прыбіральняў і ўсяго іншага, каб праверыць дакумэнты і абшукаць. Агляд самалёта заняў каля трох гадзін. Цяпер мы застаемся ў невядомасьці, зачыненыя ў зале чаканьня, у агульную прастору нікога не пускаюць. Хлопчыкі з „бананамі“ стаяць. Але ёсьць прыбіральні і мінібар. Чакаем, ніхто нам нічога ня кажа», — кажа пасажыр самалёта, пасаджанага ў Менску.

«Было шмат чутак. Пасьля раптоўнага манэўру самалёта адзін хлопец пачаў панікаваць, схапіўся за галаву. Толькі тады мы зразумелі, чаму. Ніякага канфлікту не было, да тых паваротаў самалёта не было ніякіх скандалаў, ніхто ні з кім не сварыўся. Толькі калі хлопец даведаўся, што мы ідзем на пасадку, ён засмуціўся. Нас усіх па чатыры вывелі, сабакі абнюхалі ўсе нашы рэчы. Таго хлопца адвялі ў бок, яго рэчы вытрасьлі на ўзлётную паласу. Мы спыталіся ў яго, што адбываецца. Ён сказаў, хто ён такі, і дадаў: „Тут мяне чакае сьмяротнае пакараньне“. Ён быў ужо спакайнейшы, але дрыжаў. Побач з ім увесь час стаяў афіцэр, і неўзабаве вайскоўцы яго проста вывелі», — кажа чалавек, які бачыў падзеі зблізку.

  • Камэнтуючы сёньняшняе здарэньне, старэйшая дарадніца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы Аста Скайсгірыце сказала, што ў гісторыі краіны такога прэцэдэнту яшчэ не было. Першапачаткова была атрыманая ненадзейная інфармацыя пра тое, што на пасаджаным самалёце нібыта ёсьць выбухоўка.
  • Аднак, паводле яе, у Беларусі для пасадкі самалёта выкарыстоўваліся дзьве адзінкі вайсковай тэхнікі: вайсковы зьнішчальнік Міг-29 і гелікоптэр Мі-24. На думку А. Скайсгірыце, гэта вельмі падобна да дзеяньняў беларускага КДБ.
  • Паводле яе, атрыманая інфармацыя паказвае, што ў Беларусі было дакладна вядома, што гэтым самалётам ляціць апазыцыйны актывіст Раман Пратасевіч. Усяго ў пасажырскім самалёце ляцелі 170 пасажыраў, зь якіх 94 грамадзяне Літвы. Паводле А. Скайсгірыце, усім ім таксама пагражала небясьпека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG