Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удар па міжнародным праве і ўласным авіяперавозчыку. Экспэрты па авіяцыі пра пасадку самалёта ў Менску


Самалёт Ryanair, які ўлады Беларусі прымусілі прызямліцца ў Менску, у Вільні. 23 траўня
Самалёт Ryanair, які ўлады Беларусі прымусілі прызямліцца ў Менску, у Вільні. 23 траўня

23 траўня ў нацыянальным аэрапорце «Менск» пад кантролем вайсковай авіяцыі экстрана пасадзілі самалёт Ryanair, які рухаўся з Атэнаў у Вільню. Паведамлялася, што падставай стала «інфармацыя аб мінаваньні».

Улады Беларусі затрымалі двух пасажыраў рэйсу — журналіста Рамана Пратасевіча, які ўваходзіць у так званы «тэрарыстычны сьпіс», і ягоную дзяўчыну. Дагэтуль нічога не вядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады.

Украінскія экспэрты ў сфэры цывільнай авіяцыі і міжнароднага права мяркуюць, што беларускія ўлады перавысілі свае паўнамоцтвы і парушылі міжнароднае права. Якія наступствы магчымыя ў выніку такіх дзеяньняў?

Патрэбна ня толькі рэакцыя, а і працэдура

Экспэрты лічаць выпадак з пасадкай самалёта абуральным у практыцы цывільнай авіяцыі.

«Выпадак яўна палітычна матываваны. У ІСАО (Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі. — РС) і іншых арганізацыях, якія займаюцца бясьпекай палётаў, не адпрацаваныя працэдуры, як рэагаваць у выпадку такіх палітычных выпадкаў. Такіх рашэньняў няма», — сказаў Свабодзе колішні кіраўнік Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Дзяніс Антанюк.

Адначасова, паводле яго, вельмі важна, што заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі ўжо выказалі сваю рэакцыю на гэты інцыдэнт. Але толькі рэакцыі недастаткова.

«Працэдуры рэагаваньня на палітычны складнік у такіх сытуацыях трэба адпрацоўваць і ўводзіць. Магчыма, гэты выпадак у Беларусі стане драйвэрам, каб у будучыні выключыць такія сытуацыі ў іншых краінах. Але гэта доўгі шлях, немагчыма ўзяць і вырашыць усё ад заўтра», — мяркуе экспэрт.

Дзяніс Антанюк
Дзяніс Антанюк

Дзяніс Антанюк дадаў, што міжнародныя авіяцыйныя ўлады мусяць ня толькі заявіць аб тым, што такія сытуацыі не павінны паўтарацца ў будучыні, але і зрабіць усё, каб гэтага больш нідзе не адбылося.

«Выпадак вельмі абуральны, бо нельга ўмешвацца ў працу цывільнай авіяцыі такім чынам і з такімі мэтамі. Больш за тое, апроч нязручнасьцяў для пасажыраў, гэты выпадак мае і аспэкты бясьпекі. Важна распрацаваць або як мінімум зразумець, як на гэта мусяць рэагаваць авіяцыйныя ўлады, каб былі сфармуляваныя правілы і працэдуры рэакцыі. Каб было зразумела: пасадзілі самалёт такім чынам — закрываецца паветраная прастора або робіцца аналіз бясьпекі, паводле якога вырашаюць, ці можна далей ажыцьцяўляць там палёты або трэба закрываць прастору і накіроўваць самалёты празь іншыя краіны».

Паводле экспэрта, Беларусь можа страціць яшчэ і фінансава. «Пасьля закрыцьця ўсходу Ўкраіны некаторыя авіякампаніі пачалі ажыцьцяўляць рэйсы паўночней, празь Беларусь. І другі момант — тое, што „Белавія“ зараз спрабуе пабудаваць хаб, і паколькі гэты хаб у кірунку Усход — Захад, то пры ўвядзеньні абмежаваньняў „Белавія“ вельмі моцна пацярпіць», — ня выключыў Дзяніс Антанюк.

«Схаваць рэальную мэту перахопу самалёта немагчыма»

Андрэй Гук
Андрэй Гук

Андрэй Гук, экспэрт у міжнародным авіяцыйным праве, падкрэсьліў, што для перахопу самалёта мусілі існаваць разумныя падставы, якія б сьведчылі аб выкарыстаньні паветранага судна ў мэтах, не сумяшчальных з прынцыпамі Канвэнцыі аб міжнароднай цывільнай авіяцыі, так званай Чыкагаўскай канвэнцыі.

«Паведамленьне аб мінаваньні не пацьвердзілася. Але наколькі яно было такім, што давала разумныя падставы, невядома. Малаімаверна, што гэта магло быць сур’ёзнае паведамленьне. Схаваць рэальную мэту перахопу самалёта будзе немагчыма», — напісаў Андрэй Гук у сваім камэнтары.

Паводле яго, у выпадку перахопу не павінны стварацца пагрозы жыцьцю асобам, якія знаходзіліся на борце самалёта.

«У выпадку з рэйсам Ryanair быў бліжэйшы аэрапорт для вымушанай пасадкі — не на тэрыторыі Беларусі. То бок дзеяньні перахопу самалёту ўяўлялі пагрозу для жыцьця тым асобам, якія знаходзіліся на борце, і бясьпецы паветранага судна, калі лічыць пагрозу рэальнай. Апроч таго, перахоп зьнішчальнікам — гэта крайняя мера, якой мусіў папярэднічаць пэўны радыёабмен і іншае (дадатак 2 да Чыкагаўскай канвэнцыі — Правілы выкарыстаньня паветранай прасторы, Інструкцыя па выкарыстаньні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь). Тут жа адразу паднялі зьнішчальнік», — піша экспэрт.

Андрэй Гук таксама зьвярнуў увагу на тое, што, згодна з правілам дадатку 2 да Чыкагаўскай канвэнцыі, перахоп, калі ўжо ён адбыўся, можа выкарыстоўвацца толькі з мэтай ідэнтыфікацыі самалёта або ягонага накіраваньня на правільны маршрут ці папярэджаньне рэальных пагроз. «Гэтую мяжу перайшлі. Ці магла авіякампанія не выконваць указаньні дыспэтчараў і зьнішчальнікаў? Не, не магла, бо знаходзілася ў паветранай прасторы Беларусі і мусіла выконваць гэтыя ўказаньні», — пераконвае экспэрт.

«Цяпер больш цікавае пытаньне, хто і што можа з гэтым зрабіць. І тут, як заўсёды, міжнароднае права зводзіцца да палітычнай волі. Авіякампанія можа патрабаваць кампэнсацый. І, напэўна, іх атрымае. Эўразьвяз можа патрабаваць ад Беларусі кампэнсацый. Можа нават падаць у ІСАО спрэчку. Можа закрыць прастору Беларусі для сваіх самалётаў. Зь цягам часу можа нават зьвярнуцца супраць Беларусі да Міжнароднага суду ААН», — мяркуе Андрэй Гук.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманьне блогера Пратасевіча. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG