Першапачаткова зьбіраліся сабраць 3 000 эўра, але за пару гадзінаў сума перавысіла 4000 эўра. Цяпер на рахунку 4460 эўра і сума працягвае расьці.
21 траўня жонцы Вітольда Ашурка пазванілі і сказалі, што ў шклоўскай калёніі ў Вітольда Ашурка знайшлі нежывым – нібыта спынілася сэрца. Паводле жонкі, раней ніякіх праблемаў з сэрцам у яго не было.
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы, што на Лідчыне, з насельніцтвам 10 тысяч чалавек. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт.
Падымаў экалягічныя пытаньні. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага.
Ашурка асудзілі 18 студзеня на 5 гадоў калёніі. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама чыніў гвалт над міліцыянтам. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, папярэдне гэта тлумачылі эпідэміяй каранавірусу, потым дзяржаўнай таямніцай.