У Кіеве да амбасады Беларусі прыйшлі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Яны павесілі на крыж, усталяваны раней насупраць амбасады, партрэт палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі.
У Вільні людзі сабраліся каля пасольства Беларусі ўвечары 21 траўня, каб ушанаваць памяць Вітольда Ашурка і ўсіх ахвяраў рэжыму.
У Беластоку акцыя памяці прайшла каля консульства Беларусі.
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы, што на Лідчыне, з насельніцтвам 10 тысяч чалавек. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Падымаў экалягічныя пытаньні. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага.
Ашурка асудзілі 18 студзеня на 5 гадоў калёніі. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама чыніў гвалт над міліцыянтам. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, папярэдне гэта тлумачылі эпідэміяй каранавірусу, потым дзяржаўнай таямніцай.
21 траўня жонцы Вітольда Ашурка пазванілі і сказалі, што ў шклоўскай калёніі ў Вітольда Ашурка знайшлі нежывым — нібыта спынілася сэрца. Паводоле жонкі, раней ніякіх праблемаў з сэрцам у яго не было.