Падзеі 23 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
23 траўня 1753 году памерла Францішка Ўршуля Радзівіл, пісьменьніца і драматург з роду Вішнявецкіх. У 1725 годзе Францішка Ўршуля выйшла замуж за Міхала Казімера Рыбаньку і пераехала ў Нясьвіж. Там яна спрычынілася да пашырэньня асьветы, значна папоўніла замкавую бібліятэку, а таксама спрыяла аднаўленьню дзейнасьці Нясьвіскай друкарні.
Дзень у гісторыі
1618 — пратэстанцкая шляхта Прагі захапіла ўладу і выкінула каталіцкіх прадстаўнікоў у акно праскай гарадзкой залі, што стала пачаткам Трыццацігадовай вайны ў Эўропе.
1761 — Шчучын атрымаў герб.
1910 — Янка Купала скончыў працу над паэмай «Курган».
1923 — у Менску адкрылася першая ашчадная каса.
У гэты дзень нарадзіліся
1707 — Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнаўца, стваральнік сыстэмы клясыфікацыі расьліннага і жывёльнага сьвету.
У памяці
1173 — памерла Эўфрасіньня Полацкая, княжна, беларуская сьвятая.
1946 — памёр Кастусь Езавітаў, беларускі палітычны, грамадзкі і вайсковы дзяяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, першы народны сакратар (міністар) унутраных справаў БНР.
Афіцыйная савецкая прапаганда не шкадавала для яго самых страшных ярлыкоў: «отъявленный реакционер», «белогвардеец», «военный преступник», «изменник родины». У іншых ён заслужыў азначэньні з процілеглым сэнсам: настаўнік, паэт і публіцыст, вучоны, палітык.
Сучасныя дасьледнікі называюць яго найлегендарнейшай для свайго часу асобай беларускай гісторыі. Але тут гаворка пра тыя вехі жыцьцяпісу Езавітава, якія не падлягаюць сумневу. Удзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду й абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Ваенны міністар у яе першым урадзе. Шэф Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі й Эстоніі, дзякуючы якому балтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі беларускую неза лежнасьць.
Больш за дваццаць гадоў ён вёў культурна-асьветную дзейнасьць сярод беларусаў Латвіі: кіраваў Люцынскай беларускай гімназіяй, разбудзіў дзясяткі талентаў і тысячы беларускіх душаў. У ўмовах нямецкай акупацыі Езавітаў стварыў і ачоліў у Рызе Беларускі камітэт. Ён адчыняў беларускія школы, займаўся ўпара дкаваньнем архіву БНР і навуковымі штудыямі.
У 1945-м яго, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады, арыштавала контравыведка «Смерш». Паводле афіцыйнай вэрсіі, Езавітаў памёр у турэмным шпіталі «ад тубэркулёзу лёгкіх».
З кнігі Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды», с. 228-229.