«Падзеі палітычнага жыцьця паказваюць, што ніводная зь дзяржаў, дзе няма поўнай манаполіі на ўладу, не свабодная ад пагроз пераваротаў. Пры рознасьці нацыянальных мэнталітэтаў, рэлігій, узроўню жыцьця і адукацыі існуе агульны сцэнар мяцяжоў, напоўнены канкрэтыкай у кожным асобным выпадку. З улікам, што мяцяжы ўсё часьцей сталі адбывацца як наступства галоўных выбарчых кампаній, можна прыйсьці да высновы: выбары перасталі быць унутранай справай саміх дзяржаў, а сталі нагодай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшаньня», — сказала яна.
Паводле чыноўніцы, на якую спасылаецца БелаПАН, выбары перасталі служыць народнай згодзе, а ўсё часьцей служаць супрацьлеглай мэце, накіраванай на раскол грамадзтва і дзяржавы.
«Сьцьвярджэньні ад апанэнтаў галоўнай палітычнай сілы пра тое, што калі выбары будуць сумленнымі, то і мяцяжоў ня будзе (спадарыня Ціханоўская любіла пра гэта казаць да выбараў), цалкам аспрэчваюцца пасьлявыбарчымі падзеямі ня толькі ў Беларусі, але і ў Грузіі, Кіргізстане, нават у ЗША. І гэта толькі апошнія выбарчыя кампаніі. Мы ўсё часьцей бачым, што выбары робяцца галоўнай падставай для арганізацыі антыдзяржаўных пераваротаў нават без прыкмет, вызначаных Леніным як наяўнасьць рэвалюцыйных сытуацый», — працягнула кіраўніца ЦВК.
Ярмошына заявіла, што па віне інтэрнэт-рэсурсаў адбылося «падзеньне маральных арыенціраў і ажыцьцяўляецца поўная перабудова сьвядомасьці цалкам адукаваных людзей», самастойнае мысьленьне замяняецца «сэктанцкай думкай».
Яна мяркуе, што ў сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі кампаніямі ў Беларусі і Расеі сацыяльная і палітычная стабільнасьць у саюзнай дзяржаве знаходзіцца пад пагрозай.
Адпаведна, стаіць «звышскладаная задача» — выпрацаваць спосабы арганізацыі выбарчых працэсаў такім чынам, каб яны не змаглі трансфармавацца ў выбуховую хвалю, здольную абрынуць «наш агульны дом», — падсумавала Ярмошына.