БелТА паведамляе, што 19 траўня на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі дэпутаты ініцыявалі прапанову не праводзіць мясцовыя выбары ў канцы 2021 — пачатку 2022 году, падоўжыць паўнамоцтвы цяперашняга складу мясцовых Саветаў дэпутатаў. Дзеля чаго гэта робіцца?
Сьцісла:
- Дэпутаты ініцыююць перанос мясцовых выбараў.
- Новай Канстытуцыі яшчэ няма, аднак ужо цяпер пад яе падганяецца палітычны графік.
- З заявы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта вынікае, што ўлады асьцерагаюцца новых пратэстаў падчас электаральнай кампаніі.
- Мяркуючы па ўсім, правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў не плянуецца.
Мясцовыя выбары прапанавана правесьці ўжо пасьля рэфэрэндуму аб канстытуцыйнай рэформе, у адзіны дзень галасаваньня ў лістападзе 2023 году (паводле новай Канстытуцыі). А дзеля гэтага трэба ўнесьці зьмены ў артыкул 118 дзейнай Канстытуцыі.
Нечага падобнага варта было чакаць. Хоць тут узьнікае шэраг прававых супярэчнасьцяў.
Новай Канстытуцыі яшчэ няма, аднак ужо цяпер пад яе падганяецца палітычны графік. Калі разважаць фармальна, то народ на рэфэрэндуме можа не прагаласаваць за прапанаваны варыянт зьменаў Асноўнага закону. Але ўлады, мусіць, упэўнены, што такога ня можа быць паводле азначэньня. Лёгіка зразумелая, але навошта ж так непрыкрыта зводзіць рэфэрэндум да фармальнага мерапрыемства?
Але тут цікава іншае. На тым жа паседжаньні кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сяргеенка заявіў:
«Мяркую, што рэфэрэндум не справакуе новай хвалі пратэставай актыўнасьці». Тут важна тое, што ён гаворыць толькі пра рэфэрэндум, мясцовых выбараў ня згадвае. З гэтага можна зрабіць выснову, што палітычнае рашэньне ў гэтым пытаньні прынятае.
Аднак Ігар Сяргеенка акрэсьліў галоўную праблему, якая турбуе кіраўніцтва дзяржавы, з улікам якой і прымаюцца рашэньні. Улады добра памятаюць, чым закончылася леташняя кампанія прэзыдэнцкіх выбараў. І асьцерагаюцца, што чарговая электаральная кампанія можа стаць трыгерам новага выбуху пратэстаў. А тут на парадку дня адразу дзьве электаральныя кампаніі (рэфэрэндум і мясцовыя выбары). Гэта моцна палітызуе грамадзтва.
Да таго ж мясцовыя выбары легалізуюць публічную палітычную барацьбу. Выбіраецца звыш 18 тысяч дэпутатаў. Кампанія адбывалася б па ўсёй краіне, дайшла б да сельскай глыбінкі. Павінны стварацца ініцыятыўныя групы, адбывацца збор подпісаў, потым — легальная агітацыя. Відавочна, апанэнты рэжыму актыўна скарысталіся б гэтай магчымасьцю.
І ўлады вырашылі не рызыкаваць, не будзіць ліха. Хопіць аднаго рэфэрэндуму, які паспрабуюць правесьці хутка і без публічных дыскусій.
І яшчэ. Адзіны дзень галасаваньня, падчас якога будуць выбірацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў, заплянаваны на лістапад 2023 году. То бок тады, калі канчаюцца паўнамоцтвы цяперашняга складу ніжняй палаты. Гэта значыць, што правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі не плянуецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.