Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VICE апублікавала сьведчаньні ваенных злачынстваў расейскіх інструктараў у ЦАР


Расейская выведная машына БРДМ-2 у сталіцы ЦАР Бангі. 10 аўтамабіляў былі перададзеныя ўраду ў кастрычніку 2020 году
Расейская выведная машына БРДМ-2 у сталіцы ЦАР Бангі. 10 аўтамабіляў былі перададзеныя ўраду ў кастрычніку 2020 году

Расейскія наёмнікі ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы гвалцілі і забівалі цывільнае насельніцтва, якое мусілі абараняць. У некаторых выпадках яны маглі ўступаць для гэтага ў змовы з паўстанцамі, супраць якіх фармальна ваююць. Сьведчаньні публікуе VICE World News.

У ЦАР працуе група расейскіх вайсковых спэцыялістаў, большую частку якой, паводле паведамленьняў, складаюць удзельнікі так званай Прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Паводле афіцыйнай вэрсіі, яны выступаюць у ролі вайсковых інструктараў для ўрадавых войскаў і ня ўдзельнічаюць у баявых дзеяньях. Аднак шматлікія сьведчаньні паказваюць, што яны ўдзельнічаюць у грамадзянскай вайне ў краіне — нароўні зь іншымі прыватнымі вайсковымі кампаніямі, нанятымі цэнтральным урадам.

VICE прыводзіць словы дзьвюх жыхарак кантраляваных урадам тэрыторый, якія зазналі сэксуальны гвалт з боку расейцаў. У адным выпадку пасьля групавога згвалтаваньня наёмнікамі яе гвалтавалі вайскоўцы ЦАР. Гэта здарылася пасьля таго, як яна ўцякла ад нападу паўстанцаў.

Выданьне прыводзіць таксама сьведчаньні брата забітага вулічнага гандляра з гораду Бамбары, дзе разьмешчаная адна з базаў расейскіх наёмнікаў. Расейцы арыштавалі яго на ўзбочыне дарогі і завезьлі на базу, дзе яго тры дні катавалі, у прыватнасьці адрэзаўшы яму палец. Ён паскардзіўся на гэта мясцовым палітыкам і неўзабаве быў забіты паўстанцамі.

Бацька забітага гандляра сустрэўся зь лідэрамі мясцовай узброенай групоўкі, якая ўчыніла забойства. Яны сказалі яму, што за злачынства ім заплацілі расейцы, якія фармальна зь імі ваююць.

Расейскія наёмнікі ў ЦАР неаднаразова абвінавачваліся ў злачынствах супраць цывільнага насельніцтва. Дзеля таго, што расейцы лічацца на афіцыйнай службе ўраду краіны, іх дзеяньні можна кваліфікаваць як ваенныя злачынствы.

У сакавіку занепакоенасьць паведамленьнямі пра зьверствы выказала рабочая група ААН. Брытанская газэта The Guardian тады расказала пра некалькі канкрэтных эпізодаў злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, у якіх былі западозраныя расейцы. У прыватнасьці, гаворка ішла пра напад на мячэць у Бамбары. Расейскія афіцыйныя асобы ўсё абвінавачаньні адмаўляюць або ігнаруюць.

  • Грамадзянская вайна ў ЦАР пачалася ў 2012 годзе як канфлікт паміж мусульманскім і хрысьціянскім насельніцтвам краіны, але амаль за 9 гадоў ператварыўся ў вайну ваенізаваных груповак за кантроль над багатымі рэсурсамі тэрыторыямі. У краіне разьмешчаны кантынгент міратворцаў ААН, аднак у студзені антыўрадавыя сілы ледзь не занялі сталіцу Бангі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG