Гаворка ідзе пра тры ваенізаваныя групоўкі, якія ваююць у ЦАР на баку ўрадавай арміі: прыватная «вайсковая кампанія Вагнэра» , Sewa Security Services і Lobaye Invest SARLU. Паводле дадзеных RFI, удзельнікі гэтых фармаваньняў забіваюць і катуюць мірных жыхароў, учыняюць групавыя згвалтаваньні і займаюцца рабункамі.
Асноўнай крыніцай інфармацыі ў матэрыяле быў даклад спэцыяльнай рабочай групы ААН аб выкарыстаньні наёмнікаў у Афрыцы. У ім паведамляецца, што толькі ад студзеня да сярэдзіны красавіка гэтага году расейскія вайсковыя спэцыялісты ўчынілі 26 пазасудовых пакараньняў сьмерцю, 5 групавых згвалтаваньняў і 27 разоў ініцыявалі незаконныя арышты з катаваньнямі на допытах.
Сярод злачынстваў, падрабязна апісаных у публікацыі — расстрэл у пачатку студзеня грузавіка з харчовымі таварамі, падчас якога загінулі трое мірных жыхароў, пакараньне ў сярэдзіне лютага трох мірных жыхароў у мячэці, групавое згвалтаваньне 25 лютага 24-гадовай мясцовай жыхаркі.
Амбасада Расеі ў ЦАР пакуль не камэнтавала матэрыялу, апублікаванага RFI, але раней зрабіла заяву аб дакладзе рабочай групы ААН, назваўшы інфармацыю, якая зьмяшчаецца ў ім, «спэкуляцыяй». У дыпляматычнай місіі таксама лічаць, што экспэрты ААН не прад’явілі «неабвержных доказаў».
- У Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы з 2013 году ідзе узброеная барацьба паміж паўстанцамі і дзейнымі ўладамі. З Расеі ў ЦАР для дапамогі прэзыдэнту краіны перакідваюцца ваенныя кансультанты і наёмнікі з цяжкімі ўзбраеньнямі і бранятэхнікай. Заходнія СМІ паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх наёмнікаў можа складаць каля дзьвюх тысяч чалавек. Яны ваююць разам з урадавай арміяй, а таксама ахоўваюць ключавыя кантрольныя пункты і стратэгічныя аб’екты. У Крамлі гэта адмаўляюць. Амбасадар Расеі ў ЦАР заяўляе аб прысутнасьці 535 расейскіх «інструктараў», якія «ня ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях, калі толькі іх саміх не атакуюць».
- 30 ліпеня 2018 году ў ЦАР былі забітыя расейскія журналісты Архан Джамаль, Аляксандар Растаргуеў і Кірыл Радчанка. Яны здымалі фільм-расьсьледаваньне аб дзейнасьці наёмнікаў з «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» — расейскага неафіцыйнага вайсковага падразьдзяленьня, якое ня лічыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асоб, аднак яе байцы, паводле дадзеных журналісцкіх расьсьледаваньняў, бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі і ў вайне на Ўсходзе Ўкраіны. Спонсарам «ПВК Вагнэра» называюць блізкага да Ўладзіміра Пуціна пецярбурскага бізнэсоўца Яўгенія Прыгожына.
- Сьледчы камітэт Расеі лічыць асноўнай вэрсіяй гібелі журналістаў забойства з мэтай абрабаваньня невядомымі арабамоўнымі бандытамі. Незалежнае расьсьледаваньне цэнтру «Досье» абвяргае гэтую вэрсію. Паводле яго дадзеных, загінулых журналістаў наўмысна завабілі ў пастку ў выніку добра падрыхтаванай спэцаперацыі. Сьледчыя прыйшлі да высновы, што за журналістамі вялося сачэньне ад моманту іх прыбыцьця ў ЦАР, і ў ім бралі ўдзел людзі, зьвязаныя з кіраўніцтвам «ПВК Вагнэра». Акрамя таго, цэнтру «Досье» ўдалося даказаць, што зьвязаныя зь Яўгеніем Прыгожыным спэцыялісты — і ў прыватнасьці дараднік прэзыдэнта ЦАР у пытаньнях бясьпекі Валерый Захараў — мэтанакіравана ўкінулі ў СМІ вэрсію пра забойства журналістаў у выніку банальнага абрабаваньня.