18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіляваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».
На 20 траўня затрыманыя:
- рэдактарка Вольга Лойка (знаходзіцца на Акрэсьціна)
- журналістка Алена Талкачова (знаходзіцца на Акрэсьціна)
- галоўны рэдактар Марына Золатава
- генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
- галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
- намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
- галоўны інжынэр Ала Лапатко
- юрыстка Кацярына Ткачэнка
- намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
- намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
- мэнэджар Андрэй Аўдзееў
- былы юрыст парталу Ірына Касьцючэнка
- генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
Невядома дагэтуль, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская. Вядома, што пасьля прыходу сілавікоў у яе здарыўся гіпэртанічны крыз, яе пад канвоем дастаўлялі ў шпіталь, а потым вывезьлі адтуль у невядомым кірунку.
Беспрэцэдэнтны ўціск, які чыняць улады супраць мэдыяпарталу, не застаўся без увагі ў Беларусі і за мяжой. У розных гарадах адбыўся шэраг акцый у падтрымку журналістаў Tut.by.
Сваю акцыю ў сталіцы зладзіў «Вольны хор», таксама ў Менску ў мікрараёне Ўсход адбыўся марш у падтрымку сайту і акцыі ў розных раёнах гораду. Акрамя таго, акцыі салідарнасьці прайшлі ў Барысаве, Койданаве, Кобрыні і Горадні.
У адным з раёнаў беларускай сталіцы зьявіўся надпіс буйнымі літарамі ў падтрымку Tut.by, зафарбоўваць пяць літар і адну кропку ўлады загадалі чатыром супрацоўнікам камунальных службаў.
Не засталася ўбаку і дыяспара — беларусы выказалі салідарнасьць з Tut.by у Тарту (Эстонія), Беластоку і Варшаве (Польшча), Маскве (Расея), Кіеве (Украіна) і іншых гарадах.
Таксама на ўціск парталу зрэагавалі вядомыя беларусы, праявілі салідарнасьць з калегамі нямецкія журналісты, у абарону Tut.by выказаліся МЗС Эстоніі, Латвіі і Літвы, а таксама шэраг міжнародных арганізацый, улічваючы Эўразьвяз і Злучаныя Штаты.