Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як байнэт адрэагаваў на блякаваньне Tut.by


Офіс Tut.bу, архіўнае фота
Офіс Tut.bу, архіўнае фота

18 траўня сілавікі прыйшлі ў цэнтральны і рэгіянальныя офісы кампаніі Tut.bу, а таксама ў афіліяваныя зь ёю Hoster.by і av.by. Вобшукі прайшлі таксама і ў кватэрах журналістаў. Сайт Tut.bу заблякавалі.

Заснавальнік ІТ-кампаній і інвэстар Юры Мельнічак піша: «Сёньня яны прыйшлі па Tut.by. Калі яны прыйдуць па іншых, ня будзе Tut.by, каб пра гэта напісаць».

Шэф-рэдактар выданьня «Наша Ніва» Андрэй Дынько: «Зьнішчэньне Тут.бая – гэта наймагутнейшы ўдар па эканоміцы. Аб’ектыўная інфармацыя — гэта паветра сучаснай эканомікі. На эўрапейскім кантынэнце грошы не ідуць туды, дзе няма якасных СМІ».

Заснавальнік by.tribuna.com Максім Беразінскі: «Учора быў год бязь Юрыя Зісера. Заўтра павінна выйсьці на свабоду Кацярына Барысевіч. Значыць, сёньня можна зачыніць Tut.by. Акно магчымасьцяў у разуменьні людзей, якія выпадковым чынам апынуліся на месцы для прыняцьця рашэньняў».

Публіцыст Севярын Квяткоўскі: «Атака на ТУТ і Хостэр па сваім інфармацыйным значэньні — тое самае, што тэракт. Мазгі людзей на адносна працяглы час займаюцца шокам. Напрыклад, тэракт у мэтро 2011 адцягнуў увагу людзей ад эканамічнага абвалу. Тэарэтычна бліжэйшым часам можна чакаць нейкі «сюрпрыз», які будзе датычыць усіх».

Адзін з арганізатараў фонду дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій ByHelp Андрэй Стрыжак: «Партал Tut.by — гэта флягман незалежных мэдыя нашай краіны. Тарпэдаваньне ператрусамі і крымінальнай справай — гэта спроба пазбавіць нас усіх магчымасьці атрымліваць сьвежую і праўдзівую інфармацыю. Спроба загнаць нас усіх у поле дзяржпрапаганды, той халоднай і сьлізкай локшыны, якую яна вешае на вушы людзям. Наша задача сёньня і заўсёды — абараняць сваіх. Сёньня мы ўсе стаім за Tut.by і абараняем сваіх».

Дзьмітры Семчанка, экс-кіраўнік пулу журналістаў, які асьвятляў дзейнасьць Лукашэнкі, напісаў: «Сёньня той самы гістарычны момант, калі, забіваючы Беларускі партал Tut.by, улады максымальна наблізілі нас да Паўночнай Карэі... Вось толькі беларусы — не карэйцы. Я бачыў гэтых вольных людзей...»

Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў ў гутарцы з Эўрарадыё адзначыў, што крымінальны перасьлед кампаніі, якая валодае Tut.by, яшчэ раз прымусіць задумацца бягучых і патэнцыйных рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, ці вартыя хоць чагосьці льготы ПВТ.

«Гэта ж ня першы і нават не дзясяты званочак. Тыя, хто цяпер засталіся тут працаваць, усьведамляюць рызыкі, а тыя, у каго была магчымасьць гэтымі рызыкамі не тлуміць сабе галаву, даўно не карыстаюцца беларускай юрысдыкцыяй і не адкрываюць тут бізнэсаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG