Лукашэнка заявіў, што Савету бясьпекі трэба даць «новыя канкрэтныя, жыцьцёва важныя функцыі».
Паводле Лукашэнкі, гэта дазволіць супрацьстаяць агрэсіўным спробам «ператварыць Беларусь, паводле тэрміналёгіі Злучаных Штатаў Амэрыкі, у „недзеяздольную дзяржаву“».
«Такое пашырэньне паўнамоцтваў будзе спрыяць забесьпячэньню стабільнай і бясьпечнай працы ўсёй дзяржавы і кожнага чалавека», — лічыць Лукашэнка.
9 траўня Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, акту тэрарызму, вонкавай агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савету бясьпекі, на пасяджэньнях якога старшынюе прэм’ер-міністар.
Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў для іх забесьпячэньня. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх, іх належыць безумоўна выконваць.
Паводле дэкрэту, асноўным пытаньнем будзе правядзеньне выбараў. Савет бясьпекі з удзелам кіраўнікў абласьцей прыме рашэньне аб іх правядзеньні.
Дэкрэт набыў моц 9 траўня.
Хто ўваходзіць у Савет бясьпекі
15 сакавіка Аляксандар Лукашэнка адмысловым указам пашырыў склад пастаянных чальцоў Савету бясьпекі зь пяці да васьмі чалавек.
Старшыня Савету бясьпекі — сам Аляксандар Лукашэнка. Дзяржсакратаром Савету бясьпекі прызначаны генэрал Аляксандар Вальфовіч.
Пастаянныя чальцы СБ:
- прэм’ер-міністар,
- старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі,
- кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта,
- дзяржсакратар Савету бясьпекі,
- міністры ўнутраных спраў, абароны і кіраўнік КДБ.
Чальцамі Савету бясьпекі зьяўляюцца старшыні Вярхоўнага суду, Камітэту дзяржкантролю, праўленьня Нацбанку, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, Дзяржаўнага памежнага камітэту, а таксама генэральны пракурор, міністры замежных спраў, фінансаў, надзвычайных сытуацый, начальнік Генштабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны.
Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.