На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Шрайбман
- Навошта Лукашэнку дэкрэт аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу?
- Зразумела, Канстытуцыйны суд прыйдзе да высновы, што дэкрэт пра Раду бясьпекі дапаўняе і разьвівае Канстытуцыю
- Але ў Канстытуцыі запісана, што ў выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта ўлада пераходзіць да прэм’ера, і ніякіх агаворак наконт кшталтаў вакансіі ў Канстытуцыі няма
- Я не да канца разумею функцыянал гэтага дэкрэту
- Дапусьцім, што Лукашэнка робіць страхоўку ад неляяльнага прэмʼера, так бы мовіць, пратачыўся вораг, таму патрэбнае калектыўнае кіраўніцтва
- Але гэты прэмʼер можа прызначыць новых сілавікоў, ён можа заявіць, што будзе абапірацца на Канстытуцыю, а не на дэкрэт
- Маё меркаваньне, што гэты дэкрэт — гэта адзін з крокаў у кірунку падвышэньня ролі Рады бясьпекі, а не аднаразовае «эпахальнае» рашэньне
- Нават неабавязкова, што на чале Рады бясьпекі будзе сам Лукашэнка: можна пасадзіць на гэтую пасаду сына, можна надзвычай вернага сілавіка кшталту Віктара Шэймана
- У сакавіку Лукашэнка сказаў, прымаючы старшыню Рады бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, што трэба трансфармаваць Раду на расейскі і казахстанскі ўзор
- Цяперашні дэкрэт — гэта яшчэ не казахстанскі варыянт. Таму вельмі імаверна, што наперадзе далейшая трансфармацыя гэтага інстытуту
- У сакавіку пашырылі склад Рады, прызначыўшы туды трох сілавікоў і стварыўшы парытэт паміж цывільнымі і сілавымі чальцамі
- З выказваньняў Рамана Галоўчанкі не вынікае, што ў яго ёсьць нейкае палітычнае стаўленьне да таго, што адбываецца
- Ён арганічны ў ролі алавяннага салдаціка
- Калі дзяржаўныя журналісты спыталі яго, ці ня крыўдна яму, яму было вельмі некамфортна, гэта было выштурхоўваньне яго ў зусім чужую для яго сфэру
- Маўляў, не чапайце мяне, я ў дамку, я прадпрыемствамі займаюся
Чаму ня стала пратэстаў?
- Незразумела, як цяпер людзям матываваць для саміх сябе выхад на пратэст, выхад на вуліцу
- Як бы яны ні былі нязгодныя з уладай, у любога дзеяньня павінная быць мэта
- Лідэры не патлумачылі, чаго людзі дасягнуць, калі выйдуць на акцыю, акрамя таго, што наступны месяц правядуць пад катаваньнем
- Дзень волі і Чарнобыльскі шлях — гэта былі даты, на якія раней праводзіліся акцыі
- Навошта было чакаць ад людзей настолькі індывідуальна іррацыянальных дзеяньняў?
- Калектыўна яны маглі б стаць рацыянальнымі, але калектыўна зараз вельмі складана арганізавацца
- Заклікі Латушкі і Карач не рэтрансьлявалі іншыя лідэры апазыцыі
- У соцень тысячаў людзей, якія выйшлі ў другой палове жніўня, быў перад вачыма досьвед жанчын у белым, якія выйшлі 12-13 жніўня
- Вось гэта быў паліталягічна невытлумачальны фэномэн, яны ішлі на амбразуру
- Калі іх ня сталі чапаць, стала ясна, што ўлада сама разгубілася ад уласнай жорсткасьці і рэакцыі на яе грамадзтва
- Тады на некалькі дзён міліцыя зьнікла з вуліц
- Цяпер няма такой моцнай матывацыі, якая была тады
- Калі ты 9 месяцаў робіш адно і тое ж і вынік не дасягаецца, то якая матывацыя?
- Тыя, хто знаходзіў бы ў сябе такую матывацыю нават 9 траўня сёлета, ужо даўно сядзяць
- Такія, як Калесьнікава і Статкевіч, выйшлі б, але яны ў турме
- Пераадоленьне страху, моцная эмацыйная падстава, вера ў перамогу — без хаця б некаторых з гэтых фактараў пратэст немагчымы, яму няма адкуль узяцца
- Значная частка людзей, якія мінулым летам, восеньню, частку зімы, займалі галаву толькі палітыкай, цяпер вяртаюцца ў становішча, якое было да жніўня ці да траўня летась, калі турбуюць і іншыя праблемы
Вяртаньне да непалітыкі
- Мы вяртаемся да старых добрых фэйсбучных спрэчак на непалітычныя тэмы
- Як нехта заўважыў, што ў гэты момант рэвалюцыя і скончылася
- Але мы разумеем, што палітычны канфлікт ня вырашаны і што наступная ітэрацыя гэтага супрацьстаяньня непазьбежная
- Пачнуцца мясцовыя выбары, пачнецца рэфэрэндум, будуць чарговыя памятныя даты
- Я адчуваю, што палітыка ўжо менш цікавіць і цікавіць меншую колькасьць людзей
- Раней ты заходзіў у кавярні і там ўсе гаварылі пра палітыку
- Цяпер абмеркаваньне палітыкі стварае ўнутраны дыскамфорт
- Вяртаецца ўстаноўка, якая некалі была — ай, давайце ня будзем пра палітыку
- Непрыняцьцё гэтай улады — ня толькі палітычнае, але і этычнае, маральнае — нікуды не падзелася
Чаму Лукашэнка — ня цар Мікалай ІІ?
- Акукліваньне ўлады ў прапагандысцкай прасторы, мова нянавісьці, якая льецца з тэлебачаньня, толькі закаляе бакі ў перакананасьці, што ніякага кампрамісу, прымірэньня да вырашэньня канфлікту быць ня можа
- Я ня ведаю, наколькі дакладная мэтафара пажару на тарфяніку
- Улада сваімі дзеяньнямі можа прывесьці сытуацыю ў стадыю актыўнага гарэньня
- Многія людзі захоўваюць злосьць на ўладу і чакаюць нагоды для пратэсту
- Такой нагодай могуць стаць эканамічныя цяжкасьці, скажам, нявыплаты заробкаў
- На малаказаводзе ў Менску былі калектыўныя пратэсты
- Такія гісторыі могуць успыхнуць на цяперашніх настроях даволі хутка, менавіта таму што палітычны канфлікт ня вырашаны
- Людзі выціснулі палітыку за межы свайго інфармацыйнага поля, але не адбылося супакаеньня
- Цяпер пачуцьця балянсу няма
- Узровень злосьці, нянавісьці адносна ўлады вельмі ўзрос
- Раней такога ўзроўню нянавісьці да ўлады і яе выканаўцаў не было з боку нават самых зацятых апазыцыянэраў
- А гэта глеба для новай успышкі
- У адрозьненьні ад іншых рэвалюцыйных падзеяў людзі ў 2020 годзе адчулі сябе большасьцю
- Гэта немагчыма «разбачыць», немагчыма забыць
- І людзі жывуць у чаканьні магчымасьці яшчэ раз заявіць сябе большасьцю
- Становішча Лукашэнкі цяпер горшае, чым было ў Мікалая ІІ ў 1905 годзе і ў польскіх камуністаў падчас вайсковага становішча
- Ён не ўсьведамляе важнасьць выпусканьня пары
- Маніфэст цара у кастрычніку 1905 году быў закліканы пагасіць пратэстныя настроі, для таго і Думу выбіралі
- І гэта дазволіла працягнуць агонію Расейскай імпэрыі
- А Лукашэнка мае намер закатаць усё ў асфальт і потым думаць, як кіраваць тым, што закатаў
- Ён і яго людзі крытычна недаацэньваюць тую колькасьць людзей, якія супраць іх
- Я мяркую, што яны сапраўды перакананыя, што іх большасьць — калі не 80%, то 65%
- Лёгіка Лукашэнкі: я ад імя большасьці закатваю ў асфальт меншасьць — што я раблю няправільна?
- А вось гэта ён і робіць няправільна — ацэньвае другі бок
- Цар у 1905 годзе і польскія камуністы падчас вайсковага становішча рабілі гэта крыху лепш, чым Лукашэнка