Судзьдзя Алеся Восіпава (суд Цэнтральнага раёну Гомля) прысудзіла 31-гадоваму Яўгену Зялкоўскаму тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Жыхара Гомля абвінавацілі ў «злосным хуліганстве».
Так сьледзтва і суд трактавалі тое, што ўвосень Яўген паставіў на пустках два бел-чырвона-белыя сьцягі. Пад адным была скрынка з пустой пэтардай, пад другім — карыкатура на АМАП.
Пракурор патрабаваў для Яўгена чатыры гады пазбаўленьня волі. Адвакатка заявіла, што ў дзеяньнях падабароннага няма складу злачынства і прасіла суд апраўдаць яго.
17 красавіка абвінавачаны выступіў з апошнім словам.
«Я люблю сваю краіну і свой народ. Калі я быў у СІЗА, зусім незнаёмыя людзі пісалі мне лісты, падтрымлівалі, дапамагалі з прадуктамі. Я пераканаўся, якія ў нас добрыя людзі. Калі гэты мірны народ б'юць і труцяць газам, я не магу заставацца абыякавым. Мае дзеяньні могуць здацца камусьці сьмешнымі і наіўнымі. Але я спрабаваў спыніць гвалт. І ў той дзень у горадзе нікога не затрымалі і не пабілі», — зазначыў Яўген.
Ён не прызнае сябе вінаватым і ня лічыць, што ягоныя дзеяньні падпалі пад крымінальны артыкул «Злоснае хуліганства», бо ў іх адсутнічаюць такія кваліфікацыйныя прыкметы, як «з асаблівым цынізмам», «выказваючы зьнявагу да грамадзтва», «груба парушыў грамадзкі парадак» і іншыя.
«У маіх дзеяньнях няма палітычнай варожасьці. Напэўна, яе можна ўгледзець у дзеяньнях тых, хто, б'ючы мяне, крычаў мне ў твар: „БЧБ-шная поскудзь!“, ці ў дзеяньнях тых, хто хлусіў маёй цяжарнай жонцы, што я ў ІЧУ, прымушаючы яе бегаць праз увесь горад у пошуках мяне», — дадаў абвінавачаны.
Падчас суду ён расказваў, як яго білі ў РАУС, «цягалі па прыступках», «ставілі ногі ў берцах на галаву».