Паводле заканадаўства, Яўгену Зялкоўскаму пагражае да 10 гадоў калёніі.
Паводле абвінавачаньня, жыхар Гомля дзейнічаў
- з матываў палітычнай варожасьці;
- з хуліганскіх памкненьняў, з мэтай грубага парушэньня грамадзкага парадку;
- з мэтай дэстабілізацыі становішча ў грамадзтве,
- дэзарганізацыі працы праваахоўных органаў,
- запалохваньня кола асобаў;
- дзеяньні суправаджаліся пагрозай прымяненьня гвалту;
- шляхам адкрытага і дэманстратыўнага выкліку грамадзтву;
- выкарыстоўваючы сытуацыю зь несанкцыянаванымі мітынгамі.
Яўген Зялкоўскі віну ў асабліва злосным хуліганстве не прызнаў. «Інсталяцыі» зь бел-чырвона-белым сьцягам ён рабіў і разьмяшчаў у пустынных месцах, ноччу.
«Таму як мог быць парушаны грамадзкі парадак і спакой грамадзян? Там нікога не было», — зазначыў абвінавачаны.
Паводле сьведчаньняў у судзе, 25 кастрычніка Яўген сапраўды зрабіў «інсталяцыю» зь бел-чырвона-белым сьцягам і пэтардай.
«З пэтарды я высыпаў „вантробы“, яна была пустая. Я яе паклаў у скрынку і прыкапаў каля сьцяга. Я зрабіў гэта з такой мэтай... Некаторыя з маіх сяброў пацярпелі ад супрацоўнікаў міліцыі і АМАП. Я проста хацеў адцягнуць увагу міліцыі ад чарговых затрыманьняў людзей», — тлумачыў на судзе Яўген.
Вечарам 15 лістапада ён таксама «хацеў заняць час супрацоўнікаў міліцыі». Яўген зноў паставіў на іншай пустцы бел-чырвона-белы сьцяг, каля яго зьмясьціў скрынку, у якой былі два падшыпнікі і «карцінка». Вядома, што на «карцінцы» была карыкатура на АМАП.
Расказаў пра зьдзекі ў міліцыі
Абвінавачаны расказаў, як зь яго зьдзекаваліся ў міліцыі
«17 лістапада я выйшаў з дому, на мяне напалі супрацоўнікі АМАП. Залілі твар сьлезацечным газам, зьвязалі рукі за сьпінай сьцяжкамі да такой ступені, што і цяпер у мяне пальцы анямелыя; у дарозе мяне білі дубінкай. Потым у аддзеле ляжаў на падлозе тварам уніз, мяне так цягалі па кабінэтах, па прыступках, шапка была ўвесь час на твары ў мяне, я нічога ня бачыў. Ставілі чаравікі на галаву, зьдзекаваліся, прымушалі хадзіць на каленях па прыступках... Патрабавалі, каб я ўзяў на сябе падпалы „Табакерак“ у Гомлі. Адзін, у балаклаве, зьдзекаваўся зь мяне і прымушаў прызнацца ў падпалах, але я гэтага не рабіў», — падзяліўся Яўген.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.