Паводле пратаколу, Ірына Карнеева «прыняла актыўны ўдзел у пікетаваньні, усталяваўшы бел-чырвона-белы сьцяг на надмагільлі Васіля Быкава». Жанчыну затрымалі проста на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (ч.3 арт. 24.23 КаАП), паведаміла «Вясна».
На судзе Карнеева патлумачыла, што добра памятае дзень пахаваньня Быкава, калі яго труну накрылі бел-чырвона-белым сьцягам. Таму павязала на тры чырвоныя цюльпаны стужкі белага і чырвонага колераў і ўсклала іх на магілу пісьменьніка 9 траўня. Ніякага сьцягу не было, сказала яна.
Каля магілы яна была каля 5 хвілін, як да яе падышлі два міліцыянты і адвялі яе ў службовую машыну. Па дарозе ў яе пыталіся, ці ведае яна пра нейкую акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.
Сьведка-міліцыянт заявіў у судзе, што жанчына «ўсталявала сьцяг» і зьвязаў яе дзеяньні з заклікамі «ў дэструктыўных тэлеграм-каналах». Пэнсіянэрка на гэта запытала ў міліцыянта, ці ня сорамна яму хлусіць, парушаючы закон, аднак судзьдзя пытаньне зьняла.
На могілках Карнеева пазнаёмілася з мужчынам, які асабіста ведаў Васіля Быкава, якраз у момант іх гутаркі адбылося яе затрыманьне. На судзе мужчына, зь якім Карнеева размаўляла, пацьвердзіў, што сьцяг жанчына на магілу не ўскладала.
Адвакат зьвярнуў увагу суду на памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытаньні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ва ўсталяваньні сьцяга. Пасьля гэтага судзьдзя вярнула справу на дапрацоўку.