Пачынаючы з 10 траўня ідзе чарговая актыўная фаза арабска-ізраільскага канфлікту. На працягу чатырох дзён Ізраіль і паласа Газы абменьваюцца ракетнымі ўдарамі, гінуць ня толькі вайскоўцы, але і мірныя жыхары. Аднак беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» ў бліжэйшы час не зьбіраецца скасоўваць палёты ў Ізраіль, піша Tut.by.
Галоўнай мішэньню нападаў з паласы Газы стала сталіца Ізраілю Тэль-Авіў. Цяпер рэйсы зь Менску ў Тэль-Авіў адпраўляюцца тройчы на тыдзень — па аўторках, чацьвяргах і нядзелях. Раніцай 13 траўня на сайце прадаваліся квіткі на вечаровы рэйс, у той час як іншыя авіякампаніі палёты ў Ізраіль адмяняюць.
У «Белавія» сказалі, што ў кампаніі «пільна сочаць за сытуацыяй». У сувязі з гэтым палёт у Тэль-Авіў, які плянаваўся на вечар 13 траўня, перанесьлі на раніцу 14-га.
«Максымальная надзейнасьць і камфорт палётаў — галоўны прыярытэт для Belavia. Улічваючы сытуацыю, якая склалася ў Тэль-Авіве, авіякампанія перанесла бліжэйшы рэйс у ізраільскі горад з 19.10 13 траўня на 7.45 14 траўня», — паведамілі ў прэс-службе нацыянальнага авіяперавозчыка.
Паводле інфармацыі РИА «Новости», рэйсы ў Тэль-Авіў 14 траўня адмяняюць авіякампаніі «Аэрофлот» і British Airways. Нямецкая Lufthansa, якая адмяніла рэйсы на 14 траўня, разьлічвае аднавіць палёты 15 траўня. Амэрыканскія ж авіякампаніі заявілі, што прыпыняюць рэйсы на нявызначаны тэрмін.
Абстрэл аэрапорту каля Эйлату
Поўдзень Ізраілю, у прыватнасьці, Тэль-Авіў і яго прыгарады, таксама як і Ашкелон, што на поўнач ад паласы Газы, зазнаў абстрэлы. У адказ Армія абароны Ізраілю атакуе аб’екты ў паласе Газы.
13 траўня ХАМАС запусьціў вялікую ракету па ізраільскім аэрапорце Рамон недалёка ад гораду Эйлат, куды раней накіравалі пасажырскія рэйсы, якія сёньня меліся прыбыць у аэрапорт імя Бэн-Гурыёна ў Тэль-Авіве пасьля хвалі ракетных пускаў.
Прадстаўнік баявога крыла ХАМАС абвясьціў аб запуску ракеты вагой 250 кіляграмаў і запатрабаваў ад «усіх міжнародных авіякампаній неадкладна спыніць палёты ў любыя аэрапорты габрэйскай дзяржавы», паведамляе AFP.
З 10 траўня ў паласе Газы ў выніку абстрэлаў загінулі сама меней 83 чалавекі, у Ізраілі 7 сьмяротных ахвяр, у тым ліку жанчына родам зь Беларусі.