Судовую справу адносна жыхара мястэчка Ждановічы, што пад Менскам, Ягора Старавойтава, якога вінавацілі ў захоўваньні кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», спынілі. Кнігу раней прызналі «экстрэмісцкай», піша «Эўрарадыё».
Хлопца прызналі вінаватым у парушэньні адміністрацыйнага артыкула 19.11 (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць).
Справу супраць Старавойтава спынілі, бо скончыліся два месяцы, адведзеныя на прыцягненьне да адміністрацыйнага спагнаньня. Але кнігу хлопцу ня вернуць — яе далучылі да справы.
Апошняе пасяджэньне ў судзе прайшло 9 красавіка. Тады судзьдзя ўзяў перапынак, каб «пачытаць кнігу», і адправіў справу на дапрацоўку.
У кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» ўваходзяць 85 гутарак зь пісьменьнікамі, мастакамі, філёзафамі, грамадзкімі дзеячамі, узятыя ў праграме Эўрарадыё «Ідэя Х», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году і мае 600 старонак.
Увесь наклад кнігі ў тысячу экзэмпляраў распрадалі неўзабаве пасьля выхаду праз «Акадэмкнігу» і краму Symbal.by. Аўтар кнігі Зьміцер Лукашук палічыў, што рашэньне Менскай абласной экспэртнай камісіі ад 4 сакавіка 2021 году, якая выявіла ў выданьні «прыкметы праявы экстрэмізму», знаходзіцца «па-за межамі разуменьня».
Таксама сёлета ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас».