Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не дакумэнт дзяржаўнага дзеяча», — юрыст пра дэкрэт Лукашэнкі як тэстамэнт і як вынік пратэстаў


16 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка на Плошчы Незалежнасьці.
16 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка на Плошчы Незалежнасьці.

Адказны ў пытаньнях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве юрыст Міхаіл Кірылюк тлумачыць небясьпекі і прававыя супярэчнасьці дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі аб наданьні Радзе бясьпекі паўнамоцтваў у выпадку яго гібелі.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Асноўныя тэзісы Міхаіла Кірылюка

Пра прававы каляпс у будучыні

— Дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, і гэта відавочна стварае праблему. Калі сапраўды такі выпадак наступіць, адна група асобаў у дзяржаўным кіраўніцтве будзе казаць, што мы павінны выконваць Канстытуцыю, а другая група асобаў будзе казаць, што мы павінны выконваць дэкрэт. І гэта можа стварыць само па сабе прававы каляпс.

Пра дыскрэдытацыю сыстэмы, якую выбудоўвалі 26 гадоў

— Дэкрэт — толькі сымптом хворай сыстэмы дзяржаўнага кіраўніцтва. Тое, што для перадачы ўлады трэба прымаць асобныя дэкрэты, гэта дыскрэдытацыя ўсёй сыстэмы, якую выбудоўвалі 26 гадоў запар. Каб перадаць уладу — трэба парушыць Канстытуцыю, якую ты сам і пісаў пад сябе. У некаторых краінах ёсьць манархіі, якія юрыстамі і палітыкамі лічацца больш архаічнымі сыстэмамі дзяржаўнага кіраўніцтва, але нават там прадугледжаны мэханізм пераходу ўлады ў спадчыну. У нас нават гэтага няма, наша сыстэма дзяржаўнага кіраўніцтва менш разьвітая чым нават манархія. Гэта ўяўляе небясьпеку.

Хто мае адмяніць гэты дэкрэт

— Павінен быць парлямэнт, нармальная выбары ў прадстаўнічыя органы дзяржавы, і далей гэта будзе рашэньнем дэпутатаў. Калі захочуць яны згодна з воляй суайчыньнікаў адмяніць 25 ці 100 дэкрэтаў, так і будзе. Найперш трэба арганізаваць нармальнае прадстаўніцтва людзей ва ўладзе. Больш за 20 гадоў уся дзяржаўная палітыка кіраваньня была накіраваная, каб разьдзяліць людзей на дзьве катэгорыі — тых, хто мае доступ да ўлады, і тых, хто яго не мае. І фармаваньне гэтага дасягнула піку, і дэкрэт — гэта такая вішанка на торце. То бок нічога нельга зрабіць з гэтай сыстэмай акрамя таго, каб чалавек, які яе ўзначальвае, памёр.

Чаму прычыны сьмерці ня мае значэньня

— Чамусьці юрыдычна падкрэсьліваецца, што гэта павінна быць нейкая нечаканая сьмерць, забойства, хаця зь юрыдычнага пункту гледжаньня, не павінна адрозьнівацца сьмерць праз інфаркт ад сьмерці праз забойства. Я ня ведаю ніводнай краіны сьвету, дзе былі б розныя мэханізмы ў адпаведнасьці з рознымі прычынамі сьмерці. Гэта наша вынаходніцтва, і ня вельмі добрае.

Чаму са зьменай улады ніхто ня будзе мець столькі ўлады як Лукашэнка

— У такіх рэжымах, якія сканцэнтраваныя на адной асобе, калі мяняецца ўлада, далейшае разьвіцьцё падзеяў залежыць ужо не ад дэкрэтаў, якія пісаў чалавек. Калі яго няма, увесь аўтарытэт гэтых папераў рассыпаецца ўшчэнт. І любы палітык, які прыйдзе пасьля яго да ўлады, кім бы ён ня быў, ня будзе мець такога ўплыву на сілавыя структуры, нават калі сам будзе іх узначальваць. У яго ня будзе той канцэнтрацыі ўлады, якая была ў Аляксандра Лукашэнкі.

Пра дэкрэт як вынік пратэстаў

— І лёс краіны ўрэшце будуць вырашаць самі беларусы. Пачыналася ўсё з таго, што Лукашэнка казаў, што ня будзе ніякай перадачы ўлады, «толькі праз мой труп», і за 8 месяцаў мы дасягнулі таго, што такая пэрспэктыва прадстаўляецца яму не нерэальнай. Мабыць, яму даюць аналітычныя запіскі пра ступень любві да яго грамадзтва, і гэта таксама дасягненьне пратэстнай часткі беларусаў, якая робіць ціск на ўладу.

Пра дэкрэт як тэстамэнт

— Найбліжэйшая аналёгія — спадчына. Чалавек, калі ведае, што здароўе ня вельмі добрае, узрост, хоча напісаць запавет, тэстамэнт пра тое, як сваёй маёмасьцю распарадзіцца, каму што будзе належыць. Тут прыкладны такі выпадак. Проста Лукашэнка глядзіць на Беларусь як на сваю маёмасьць. Гэта не дакумэнт, які піша дзяржаўны дзяяч, які выбудоўвае сыстэму ў разьліку на тое, каб яна працавала 100 гадоў пасьля яго. Як беларус я хацеў бы бачыць у такіх дэкрэтах і ў сыстэме дзяржаўнага кіраўніцтва, каб іх пісалі з думкамі пра будучыню беларусаў. А тое, што зараз робіцца — крадзеж той будучыні. І ніхто акрамя саміх беларусаў гэта ня спыніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG