Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны запавет Аляксандра Лукашэнкі


Антыканстытуцыйны дэкрэт Лукашэнкі аб наданьні паўнамоцтваў Радзе бясьпекі нарэшце зьявіўся. Аднак, яму спадарожнічае шэраг дзівосаў і наступстваў.

Сьцісла:

  • У гэтым антыканстытуцыйным дэкрэце шмат незразумелага.
  • Ягоны зьмест зусім не адпавядае ягонай назьве.
  • Жадаючы напалохаць народ, максымальна дыскрэдытаваць апазыцыю, улады ў рэальнасьці спрацавалі на дэсакралізацыю Лукашэнкі.
  • Гэтым дэкрэтам Лукашэнка сам адкрывае грамадзтву гарызонт у постлукашэнкаўскую эпоху.

Гэтым дэкрэтам Лукашэнка ініцыяваў вялізную прававую блытаніну, якая нічым добрым скончыцца ня можа.

Для Лукашэнкі важна тое, што дэкрэт падпісаны 9 траўня, на Дзень Перамогі. Што павінна дадаць дадатковы сымбалізм гэтаму дакумэнту.

І ягоны зьмест зусім не адпавядае ягонай назьве: «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Якое дачыненьне, напрыклад, да сувэрэнітэту мае мэханізм перайманьня ўлады пасьля сыходу Лукашэнкі — незразумела.

Пра зьмест дэкрэту было ўжо многа напісана. Думаю, шмат палітычных суб’ектаў захочуць пачуць заключэньне Канстытуцыйнага суду наконт яго адпаведнасьці Канстытуцыі.

Але тут цікавыя ягоныя наступствы. Ня толькі наўпроставыя палітычныя і прававыя, але і грамадзкія, ягоны ўплыў на грамадзкую сьвядомасьць. Ва ўсёй гэтай гісторыі для ўладаў ёсьць яшчэ адна праблема, якую, здаецца, яны не ўсьведамляюць. Глядзіце, што бачыць абывацель на афіцыйным інфармацыйным экране. Канстытуцыйная рэформа, пасьля якой незразумела, якая будзе новая канструкцыя ўлады і месца ў ёй Лукашэнкі. Змова супраць Лукашэнкі, пра якую дзяржаўныя мэдыі апавядаюць некалькі тыдняў. Вось дэкрэт на выпадак, калі раптам з Лукашэнкам нешта здарыцца.

Невыпадкова ў ранейшыя часы кіраўнікі хавалі ад народу спробы змоваў, каб не выстаўляць сваю слабасьць, ўразьлівасць на ўсеагульны агляд і не надаваць дадатковай вагі сваім ворагам.

Але, жадаючы напалохаць народ, максымальна дыскрэдытаваць апазыцыю, улады ў рэальнасьці спрацавалі на дэсакралізацию Лукашэнкі. Дэкрэт № 2 — гэта палітычны запавет Лукашэнкі. Калі тут, на гэтай тэрыторыі пішуць запавет? Гэта там, у Амэрыцы, усе людзі, незалежна ад узросту, пішуць падобнага роду дакумэнты ў маладым ўзросьце. А тут запавет пішуць у момант адчуваньня сыходу ў іншы, лепшы сьвет. У нашым выпадку, гаворка пра палітычны сыход.

Памятаеце выснову вядомага расейскага палітыка Вячаслава Валодзіна: «Ёсьць Пуцін — ёсьць Расея, няма Пуціна — няма Расеі». 27 гадоў дзяржаўныя мэдыі даводзілі беларускаму грамадзтву падобную выснову, замяніўшы прозьвішча Пуціна на Лукашэнку.

І вось цяпер сам Лукашэнка і ягоная абслуга, магчыма, самі таго не жадаючы, паставілі пытаньне пра Беларусь без Лукашэнкі. Дэкрэт № 2 — гэта наканаванасьць, адчуваньне асуджанасьці лёсу, адсутнасьці пэрспэктывы. Гэта працяг таго сюжэту мінулага году пра зьяўленьне Лукашэнкі на экране з аўтаматам і ў бронекамізэльцы. То бок гэтым дэкрэтам ён сам адкрывае грамадзтву гарызонт у постлукашэнкаўскую эпоху.

Падпісваючы згаданы дэкрэт, Лукашэнка ставіць на парадак дня грамадзкіх абмеркаваньняў пытаньне пра тое, што будзе пасьля Лукашэнкі, міжволі правакуючы штучны крызіс ягонай легітымнасьці. У падсьвядомасьць беларускага грамадзтва закладваецца думка, што аказваецца, і без Лукашэнкі Беларусь можа жыць. Гэта пераварот ва ўяўленьнях ягоных прыхільнікаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG