Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў дэкрэт на выпадак сваёй гібелі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

9 траўня адразу пасьля падпісаньня пачаў дзеяньне дэкрэт «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Ён прадугледжвае пераход улады ў Беларусі да Савету бясьпекі ў выпадку гвалтоўных дзеяньняў супраць кіраўніка дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт ад 9 траўня 2021 г. № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, зьдзяйсьненьня акту тэрарызму, зьнешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі, на пасяджэньнях якой старшынюе прэм’ер-міністар.

Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў па іх забесьпячэньні. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх і падлягаюць безумоўнаму выкананьню.

Паводле дэкрэту, асноўным пытаньнем будзе правядзеньне выбараў. Савет бясьпекі з удзелам кіраўнікў абласьцей прыме рашэньне аб іх правядзеньні.

Дэкрэт уступае ў сілу з моманту яго падпісаньня.

17 красавіка падчас суботніка ў Александрыі Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцьце «аднаго з самых прынцыповых рашэньняў».

«Скажыце, калі заўтра мяне няма, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Застрэлілі — на заўтра Рада бясьпекі будзе надзеленая паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да вайсковага, калі хтосьці на мяжы паварухнецца, і Рада бясьпекі мусіць прымаць рашэньне. Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай „калі раптам“», — заявіў Лукашэнка 24 красавіка.

Хто ўваходзіць у Савет бясьпекі

15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка адмысловым указам пашырыў склад пастаянных чальцоў Савета бясьпекі зь пяці да васьмі чалавек.

Старшынём Савета бясьпекі ёсьць сам Аляксандар Лукашэнка. Дзяржсакратаром Савету бясьпекі прызначаны генэрал Аляксандар Вальфовіч.

Пастаянныя чальцы СБ:

  • прэм’ер-міністр,
  • старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі,
  • кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта,
  • дзяржсакратар Савета бясьпекі,
  • міністры ўнутраных спраў, абароны і кіраўнік КДБ.

Чальцамі Савету бясьпекі зьяўляюцца старшыні Вярхоўнага суду, Камітэта дзяржкантролю, праўленьня Нацбанку, Сьледчага камітэта, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Дзяржаўнага памежнага камітэта, а таксама генэральны пракурор, міністры замежных спраў, фінансаў, па надзвычайных сытуацыях, начальнік Генштабу ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны.

Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG