Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Чэхіі заклікаў усе краіны Эўразьвязу выслаць «хаця б па адным» расейскім дыплямаце


Андрэй Бабіш
Андрэй Бабіш

Прэм'ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш зьвярнуўся да кіраўніцтва іншых краін Эўразьвязу з заклікам выслаць хаця б па адным расейскім дыплямаце на знак салідарнасьці з Чэхіяй у справе выбухаў боепрыпасаў у Вэрбэціцах.

Пра гэта кіраўнік чэскага ўраду заявіў журналістам на нефармальным саміце прэзыдэнтаў і прэм’ераў краін ЭЗ у Партугаліі.

«Мы заўсёды павінны разумець, што, калі адна дзяржава-член падвяргаецца нападу, гэта фактычна напад на ўсіх [членаў ЭЗ]. Я папрасіў, каб яны разгледзелі пытаньне аб высылцы прнамсі аднаго дыплямата», — сказаў Бабіш.

Паводле словаў чэскага прэм’ера, напярэдадні, у першы дзень саміту ў Порту, лідэры краін ЭЗ абмяркоўвалі пытаньне аб выбухах у Вэрбэціцах у 2014 годзе. Да абмеркаваньня пытаньня плянуецца вярнуцца на саміце Рады Эўропы, які пройдзе ў канцы траўня.

У пачатку траўня Бабіш абмеркаваў выбухі ў Вэрбэціцах з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.

Чэскія спэцслужбы лічаць, што супрацоўнікі расейскага ГРУ былі датычныя да выбухаў на складзе боепрыпасаў у вёсцы Вэрбэціцы ў кастрычніку 2014 года. Дывэрсійную апэрацыю, паводле заявы чэскага МЗС і спэцслужбаў, курыравалі супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў (ГУ Генштаба РФ і СВР) у амбасадзе РФ у Празе, якія выкарыстоўвалі дыпляматычнае прыкрыцьцё.

Чэскія ўлады абвясьцілі ў вышук двух чалавек, якія ў 2014 годзе заехалі ў краіну па расіейскіх пашпартах на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Гаворка ідзе пра тых жа людзей, якіх у Вялікабрытаніі падазраюць у атручваньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры у 2018 годзе. Сьцьвярджаецца, што іх сапраўдныя імёны — Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін. Гэтая апэрацыя, паводле дадзеных дасьледчыка Respekt і Bellingcat, праходзіла пад асабістым кантролем камандзіра вайсковай часткі № 29155 у Маскве генэрал-палкоўніка Андрэя Авяр’янава.

Пазьней чэскія СМІ напісалі, што ў расьсьледаваньні, акрамя меркаваных агентаў ГРУ Анатоля Чапігі і Аляксандра Мішкіна, фігуруе яшчэ адзін расеец — Мікалай Шапашнікаў, былы расейскі вайсковец, які цяпер, як сьцьвярджаецца, мае чэскае грамадзянства. У Чэхію ён пераехаў 27 гадоў таму. Сьцьвярджаецца, што менавіта Шапашнікаў адправіў свайму знаёмаму Бэрнатыку электронны ліст з указаньнем даты, калі агенты ГРУ, якія выдавалі сябе за зброевых інспэктараў, прыбудуць у вёску Вэрбэціцы.

Падчас выбухаў Шапашнікаў таксама знаходзіўся ў Чэхіі, хаця ўжо даўно жыве ў Грэцыі. Вядома, што паліцыя яго дапытвала, аднак іншых падрабязнасьцяў пакуль высьветліць не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG