Гамачэк нібыта заявіў аб гатоўнасьці не даводзіць да агульнага ведама вынікі расьсьледаваньня выбухаў на вайсковых складах у Вэрбеціцах у 2014 годзе — у абмен на адзін мільён дозаў расейскай вакцыны «Спутник V». Іншай умовай такой дамовы віцэ-прэмʼер нібыта назваў правядзеньне ў Празе сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША Ўладзіміра Пуціна і Джо Байдэна.
Пасьля публікацыі ў чэскіх мэдыя гэтых зьвестак прадстаўнікі апазыцыі заклікалі першага віцэ-прэмʼера Яна Гамачэка пайсьці ў адстаўку. Апазыцыянэры запатрабавалі правесьці закрытае пасяджэньне Палаты дэпутатаў чэскага парлямэнту, адмыслова каб заслухаць віцэ-прэм'ера, ад якога чакаюць пацьвярджэньня або абвяржэньня апублікаваных зьвестак.
Паводле інфармацыі парталу Seznamzpravy.cz, сустрэча нібыта праходзіла ў офісе кіраўніка МУС Чэхіі адразу пасьля таго, як Гамачэк абвясьціў пра паездку ў Маскву.
Візыт у Маскву нібыта павінен быў адбыцца праз тыдзень, але не адбыўся. На сустрэчы, акрамя Гамачэка, былі пасол Чэхіі ў Расеі Віцезслаў Піванька, дырэктар Упраўленьня зьнешніх сувязяў і інфармацыі чэскай выведкі Марэк Шымандл, дырэктар вайсковай выведкі Ян Бераўн і начальнік паліцыі Ян Швэйдар.
Пазьней у офіс Гамачэка прыехаў генэральны пракурор Чэхіі Павэл Зэман. Чэскія СМІ адзначаюць, што на сустрэчы не было прадстаўнікоў Службы бясьпекі Чэхіі, якая расьсьледавала выбухі ў паселішчы Вэрбеціцы ў 2014 годзе.
Гамачэк, які займае ў кааліцыйным урадзе другую па значнасьці пасаду пасьля прэмʼера, зьбіраўся наведаць Маскву 19 красавіка і выказваў жаданьне сьледам за Славаччынай набыць расейскую вакцыну «Спутник». Аднак 17 красавіка ён нечакана адмовіўся ад паездкі. У той жа дзень Чэхія абвінаваціла супрацоўнікаў ГРУ ў выбухах на вайсковых складах у Вэрбеціцах у 2014 годзе і выслала 18 расейскіх дыпляматаў. Гэта стала пачаткам вялікага дыпляматычнага канфлікту паміж уладамі дзьвюх краін і прывяло да прыпыненьня працы консульскіх службаў у Празе і Маскве.