Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбілі прызнаньне пад пагрозамі „прэс-хаты“ і пасадзілі». Гісторыя маладога вязьня са Жлобіна


Яўген Каханоўскі з маці Алесяй, архіўнае фота.
Яўген Каханоўскі з маці Алесяй, архіўнае фота.

Яўген Каханоўскі са Жлобіна атрымаў 3,6 года калёніі. Свае 20 гадоў ён сустрэў у турме. Цяпер хлопец у Наваполацкай калёніі.

«Пасьля затрыманьня яго моцна білі, але ён цярпеў. Выбівалі паказаньні. Калі пачалі пагражаць, што пасадзяць у „прэс-хату“ да асоб зь нетрадыцыйнай арыентацыяй, ён здаўся і нагаварыў на сябе», — кажа маці хлопца Алеся Каханоўская.

Яўгена судзілі разам зь Дзьмітрыем Гоптам — 21-гадовым жыхаром Жлобіна, які мае мэнтальнае захворваньне. Дзьмітрый атрымаў два гады калёніі. Іх абвінавацілі ў тым, што ўдзельнічалі ў масавых беспарадках і кідалі камяні ў бок міліцыі.

Наогул у Жлобіне пад крымінальны перасьлед за жнівеньскія падзеі падпалі сама менш 24 чалавекі. Большасьць — моладзь.

Маці абвінавачанага Яўгена Каханоўскага Алеся і ягоны адвакат Сяргей Красноў падчас суду.
Маці абвінавачанага Яўгена Каханоўскага Алеся і ягоны адвакат Сяргей Красноў падчас суду.

«Мяне білі ў жывот, па галаве, па нагах — каб даў паказаньні»

Яўген на судзе не прызнаў віны. Патлумачыў, што абгаварыў сябе пад псыхалягічным і фізычным ціскам.

«Я быў у шоку, паніцы, калі мяне затрымалі. Мяне білі ў міліцыі і ў жывот, і па галаве, і па нагах, пагражалі „прэс-хатай“, калі я даваў не такія паказаньні, як трэба. Я пачаў агаворваць сябе і іншых. Я падпісаў, не чытаючы, бо баяўся, што зноў будуць біць», — сьведчыў жыхар Жлобіна.

Алеся Каханоўская працуе на таксі. Апроч Яўгена, выхоўвае 11-гадовую дачку. Яна была вымушана прадаць свой аўтамабіль, каб аплаціць паслугі адваката, сабраць перадачы сыну ў турму.

Яўген Каханоўскі
Яўген Каханоўскі

Ноч сядзела на лавачцы пад СІЗА, каб убачыць сына

«На спатканьні звычайна чэргі, ня ўсе, хто хоча, могуць трапіць. Я езьдзіла на апошнім дызэлі са Жлобіна, потым ноч сядзела на лавачцы пад гомельскім СІЗА, каб убачыць сына. Цяпер яго перавялі ў Наваполацак. Я туды наўрад ці наежджуся — далёка, дорага... Два тыдні я ня ведала, дзе сын. Ён быў на этапе, ніхто нічога не казаў, а я проста вар’яцела ад невядомасьці», — расказвае жыхарка Жлобіна.

Яна ня верыць у вінаватасьць сына. Жлобінская моладзь традыцыйна зьбіраецца каля палаца культуры «Мэталюрг». У тыя цёплыя жнівеньскія вечары там было шмат моладзі. І калі пачаліся мітынгі — нехта пайшоў паглядзець, бо цікава. Нехта мог і ўдзел прымаць.

«У справе ёсьць відэа з тых падзей. Там толькі на адным імгненьні зьяўляецца Жэня. Ён проста стаіць, ня кідае нічога, не крычыць. Але прызнаньні зь яго выбілі. Ён казаў, што калі білі — то цярпеў, але калі пачалі пагражаць „прэс-хатай“ — здаўся. Там было столькі людзей тады на плошчы. Можна было што — усіх сабраць і пасадзіць за гэта?», — зьдзіўляецца Алеся Каханоўская.

«Мама, гэта ня суд, а цырк. А ў цырку трэба сьмяяцца»

Па сына прыйшлі 26 жніўня. Схапілі, арыштавалі. Ён жыў асобна ад маці. Пра затрыманьне яна даведалася ад суседкі. Тая ўбачыла Яўгена па тэлевізары — як ён «прызнаваўся» ў злачынстве. «Потым мне прыйшоў ліст з турмы ад яго. «Мама, не перажывай, я нічога не рабіў, я хутка выйду», — кажа жыхарка Жлобіна.

Яна зь цяжкасьцю вытрымала судовыя паседжаньні. Кажа, што старалася ня плакаць. Яўген толькі на пачатку паседжаньня глядзеў на маці і ківаў ёй. Потым — адварочваўся.

«Неяк ён мне напісаў: „Мама, чаму ты такая сур’ёзная на судзе? Гэта ж ня суд, а цырк. А ў цырку трэба сьмяяцца“. Дачка напісала яму ў лісьце, што мама шмат плача. Ён прасіў мяне не рабіць гэтага. Прасіў не марнаваць грошы на адваката. Бо лічыў, што ўсё роўна пасадзяць», — кажа Алеся Каханоўская.

На спатканьні ў СІЗА вочы ў Яўгена былі на мокрым месцы. Ён расказваў маці, што на спатканьне іх водзяць не на вуліцу, а на паддашак, дзе відаць толькі кавалачак неба.

«Крок улева, крок управа — расстрэл»

Алеся Каханоўская расказвае, што сыну дасылалі лісты шмат людзей, гэта для яго добрая падтрымка.

«Якія былі доказы на судзе? Асноўны — ягонае прызнаньне. Паказаньні сьведак. Нехта бачыў у яго руках нібыта камень, потым кажа, што, можа, гэта быў і ня камень... Нейкая каша. Рабілі экспэртызы, бралі ягоную вопратку — нічога такога не знайшлі. „Ліпавыя“ сьведкі, прызнаньні пад ціскам — вось і ўсе доказы на тры з паловай гады», — кажа жыхарка Жлобіна.

Яна кажа, што ў маладосьці таксама з кампаніямі сваволілі, але «тады быў іншы час». «Цяпер жа крок улева, крок управа — расстрэл», — лічыць маці Яўгена Каханоўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG