Паводле стану на 6 траўня у Беларусі 370 палітычных зьняволеных.
18 красавіка пасьля адбыцьця 25 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірным сходзе супрацоўнікі МУС затрымалі студэнта Арцёма Баярскага. Супраць яго завялі крымінальную справу і прад’явілі абвінавачваньне па ч.1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня). Хлопца ўзялі пад варту ў СІЗА № 1 Менска.
Малады чалавек заявіў свайму адвакату аб тым, што 24 сакавіка яго падверглі катаваньням супрацоўнікі МУС, якія змушалі прызнацца ў адміністраваньні пабліка «Мая краіна Беларусь». На наступны дзень відэа з прызаньнямі зьмясьціў у сваім тэлеграм-канале Рыгор Азаронак.
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый адзначылі, што прызнаньне лякальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў стваральнікамі эсктрэмісцкіх фармаваньняў пасягае на фундамэнтальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі правы і свабоды — свабоду мірных сходаў, выказваньня свайго меркаваньня і свабоду асацыяцый.
Арцём Баярскі выключна мірным чынам рэалізоўваў права на выказваньне свайго меркаваньня. Ягоная грамадзкая дзейнасьць ніякім чынам не ўяўляе пагрозу нацыянальнай ці грамадзкай бясьпецы, здароўю і маральнасьці насельніцтва.
Праваабаронцы адзначаюць выключна палітычны характар перасьледу Арцёма Баярскага з боку ўладаў і прызнаюць яго палітзьняволеным. Яны патрабуюць правесьці расьсьледваньне фактаў катаваньняў прадстаўнікамі МУС і прыцягнуць вінаватых да вызначанай законам адказнасьці.