Прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў праз два дні пасьля здарэньня пацьвердзіла факт затрыманьня лекара Аляксандра Цялегі, які цяпер працуе ў Расеі.
«На 41-гадовага нараджэнца Барысава выйшлі апэратыўнікі горадзенскага ўпраўленьня ГУУБ МУС. Яго затрымалі пасьля прыезду ў госьці да родных. Мінулай зімой у экстрэмісцкім тэлеграм-канале мужчына пакінуў шматлікія абразьлівыя камэнтары на адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў. Для віртуальнага булінгу ён выкарыстаў розныя нікнэймы», — пракамэнтавалі ў ведамстве.
Паводле сілавікоў, «мужчына раскаяўся ў зробленым і патлумачыў, што пакідаў пасты на эмоцыях пад узьдзеяньнем дэструктыўных тэлеграм-каналаў». Удакладняецца, што распачатая крымінальная справа за абразу прадстаўнікоў улады.
На «пакаяльным відэа», якое публікуе тэлеграм-канал прэс-службы МУС, бачна, што мэдыка маглі зьбіваць — на яго твары засталіся чырвоныя сьляды.
У Беларусі Аляксандар Цялега працаваў лекарам-нарколягам, аднак пасьля пачатку пратэстаў зьехаў у Расею.