Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбярыце народ і пачуеце ўсю праўду». ІП патрабуюць ад ураду скасаваць дыскрымінацыйную «валютную» пастанову


Бізнэс дробных прадпрымальнікаў, ілюстрацыйнае фота
Бізнэс дробных прадпрымальнікаў, ілюстрацыйнае фота

Аб’яднаньне індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» зьвярнулася ў Савет міністраў і Нацыянальны банк з просьбай вярнуць магчымасьць разьлічвацца за мяжой наяўнай валютай пры імпарце тавараў — як цяпер робіцца ў 99% выпадкаў.

У сваім звароце прадпрымальніцкі актыў выказвае катэгарычную нязгоду з адменай сумеснай пастановы ўраду і Нацбанку № 212/5 ад 29 сакавіка 2019 году. Дакумэнтам дазвалялася весьці разьлікі ў наяўнай замежнай валюце па зьдзелках ня больш за 100 базавых велічынь па кожным дакумэнце.

Акрамя таго, іпэшнікам дазвалялася набываць валюту пад гэтыя мэты ў абменных пунктах як звычайным фізычным асобам.

Аднак з 9 ліпеня дзеяньне дакумэнта адмяняецца, што вынікае з новай красавіцкай пастановы Саўміну і Нацбанку № 203. А гэта значыць, што неўзабаве індывідуальныя прадпрымальнікі будуць абавязаныя «рабіць пераводы за аплату тавараў толькі безнаяўнымі грашыма, купляючы валюту на біржы».

«Можна прагназаваць, што пасьля 9 ліпеня гэты від бізнэсу спыніць сваё існаваньне. Прывозу новага тавару ня будзе, падаткі плаціць ня будзе чым, арэнду таксама, як і адлічэньні ў ФСАН. Крызіс неплацяжоў відавочны. Затое ценявы сэктар эканомікі пачне расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі», — лічаць у «Пэрспэктыве».

Аб’яднаньне і раней папярэджвала пра недапушчальнасьць падобных нормаў, але голас прадпрымальнікаў праігнаравалі. Мала таго, пастанова была падпісаная без кансультацый зь непасрэднымі ўдзельнікамі працэсу.

«Усе асноўныя аргумэнты мы гатовыя выкласьці на любых дыялёгавых кансультацыйных пляцоўках, пра якія ня раз казаў урад у сваіх пасланьнях бізнэсу. Зьбярыце народ і пачуеце ўсю праўду, чаму нельга было прымаць пастанову № 203 у частцы пункта 2 і якую цану заплаціць краіна за гэтае непрадуманае рашэньне», — гаворыцца ў звароце.

Грамадзкае аб’яднаньне патрабуе неадкладна вярнуць норму пастановы ад 2019 году, каб захаваць за індывідуальнымі прадпрымальнікамі права разьлічвацца за мяжой у наяўнай валюце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG