Як паведамляе Tut.by, суд Цэнтральнага раёне Гомля прыгаварыў Нікалаенку да пяці гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (8700 рублёў). Казакевічу далі штраф у памеры 1 тысячы базавых велічынь (29 000 рублёў).
58-гадовага Валерыя Нікалаенку, затрымалі ў чэрвені 2020 году і абвінавацілі ў атрыманьні хабару ад сваіх сяброў — ноўтбука ад 44-гадовага прадпрымальніка Вадзіма Казакевіча і грошай ад іншага гомельскага бізнэсоўца Валерыя Раманенкі. У 2020 годзе Раманенка напісаў яўку з павіннай і прызнаўся, што ў розны час перадаў сябру-банкіру каля трох тысяч долараў за «спрыяльнае рашэньне пытаньня», якое ўваходзіць у кампэтэнцыю Нікалаенкі. Раманенка праходзіць па справе сьведкам.
Абодва абвінавачаныя прызналі віну цалкам.
Казакевіч у сваіх паказаньнях растлумачыў, што сума, выдаткаваная на падарунак сябру, была для яго нязначнай, таму ён і не патрабаваў за яго грошай. Таксама ён адзначыў, што ня моцна пры гэтым разьлічваў на асаблівыя адносіны з боку сябра-банкіра, паколькі ня ведаў, што ўсе ўхваленьні крэдытаў адбываюцца ў Гомельскім філіяле, якім кіраваў Нікалаенка. Паводле Казакевіча, ён думаў, што ўсе рашэньні — за галаўным офісам.
Раманенка адзначыў у судзе, што лічыў перададзеныя Нікалаенку грошы ня хабарам, а сяброўскай дапамогай.
У лютым асудзілі былога кіраўніка магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава. Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў яго вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай зацікаўленасьці: арганізаваў выдачу крэдыту ў 75 тысяч рублёў і меркаваў атрымаць грашовае ўзнагароджаньне за яго. Судзьдзя Жанна Пушкіна пастанавіла адправіць абвінавачанага ў калёнію агульнага рэжыму на 3 гады, а таксама выплаціць штраф 8700 рублёў.
Яму таксама забаранілі займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распараджальных работ цягам пяці год.
Сяргея Кармызава затрымалі 12 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку», а таксама ў шэрагу прыватных кампаній і дома ў асобаў, зьвязаных зь Віктарам Бабарыкам, тады патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты і былым кіраўніком банку. Сам Кармызаў быў чальцом ініцыятыўнай групы Бабарыкі, якога арыштавалі 18 чэрвеня.
На разгляд справы журналістаў незалежных мэдыя не дапусьцілі. Міліцыянты, якія стаялі на ўваходзе ў залю, тлумачылі гэта тым, што яна ўжо запоўненая, і клопатам пра бясьпеку ўдзельнікаў працэсу.