Справа за камэнтары ў Telegram
Галіна Юшкоўская зь лістапада была падазраванай у абразе прадстаўніка ўлады. Жанчыну хацелі абвінаваціць у тым, што яна пісала абразьлівыя камэнтары ў дачыненьні двух бабруйскіх міліцыянтаў. У якасьці доказу сьледчыя прыводзілі фота ў Telegram-акаўнце. Юшкоўская катэгарычна адмаўляла, што гэта яна, піша «Белсат».
Жанчыну выклікалі на допыты, правялі ў яе ператрус, забралі мабільны тэлефон. А 19 лютага пасадзілі на трое сутак у ІЧУ. Аднак у той час, калі жанчына была ў зьняволеньні, камэнтары з таго ўліковага запісу працягвалі зьяўляцца. Гэта і стала асноўным аргумэнтам абароны. У канцы красавіка Галіна атрымала пастанову пра спыненьне крымінальнага перасьледу.
Суд за абразу сілавіка
Лідэра бабруйскай арганізацыі «Беларускага незалежнага прафсаюзу» Сяргея Гурло вінавацілі ў абразе бабруйскага амапаўца. Мужчына чакае суду пад падпіскамі аб нявыезьдзе і невыдаваньні, але 30 красавіка атрымаў ліст з пастановай аб адмове ў завядзеньні супраць яго яшчэ адной крымінальнай справы, на гэты раз за «арганізацыю масавых беспарадкаў», адмовіліся супраць яго заводзіць і дзьве адміністрацыйныя справы.
Уцякач не зьбіраецца вяртацца, нягледзячы на закрыцьцё справы
У канцы красавіка пра спыненьне справы за пагрозу гвалту ў дачыненьні міліцыянта даведаўся і Ўладзімер Лазараў, які яшчэ летась быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны перасьлед. Нягледзячы на спыненьне справы, Уладзімер пакуль не плянуе вяртацца дадому, бо не давярае беларускім міліцыянтам і ўладам.
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на грамадзян краіны за пратэсты, выказваньні ў інтэрнэце і зь іншых прычынаў сілавікі завялі некалькі тысяч крымінальных спраў. Супраць саміх сілавікоў за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і гібель пратэстоўцаў дагэтуль няма ніводнай крымінальнай справы.