Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскай партыі «Саюз» адмовілі ў рэгістрацыі

абноўлена

Сяргей Лушч (зьлева) і палітоляг Аляксей Дзермант, архіўнае фота
Сяргей Лушч (зьлева) і палітоляг Аляксей Дзермант, архіўнае фота

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі прарасейскай партыі «Саюз» на чале зь Сяргеем Лушчом.

Як паведаміла прэсавая служба міністэрства, у сьпісах заснавальнікаў партыі было пазначана 1023 чалавекі, але пасьля праверкі 150 чалавек са сьпісу высьветлілася, што 26 зь іх не існуюць, таму не набіраюцца патрэбныя для рэгістрацыі 1000 чалавек. Акрамя таго, паводле заявы, адзін з заснавальнікаў партыі — не грамадзянін Беларусі, а пра шэраг людзей са сьпісу падалі няпоўныя зьвесткі.

Устаноўчы сход новай партыі прайшоў 6 сакавіка, а дакумэнты на рэгістрацыю падалі 2 красавіка. Сяргей Лушч ужо заявіў агенцтву БелаПАН, што партыя можа правесьці новы ўстаноўчы сход альбо будзе рыхтавацца да мясцовых выбараў як грамадзка-палітычны рух.

Як пачынаўся «Саюз»

Аргкамітэт будучай партыі «Саюз» стварылі 18 кастрычніка 2020 году. У яго, апроч старшыні Сяргея Лушча, увайшлі каля 40 прарасейскіх актывістаў. На ўстаноўчым зьезьдзе выступіў «дэсант з Масквы»: дзеячы ДНР часоў Захарчанкі (былы міністар сувязі ДНР Віктар Яцэнка) і прадстаўнік Севастопалю Аляксандар Казакоў.

Сяргей Лушч — часты госьць дзяржаўнай тэлевізіі, стваральнік «Румола», які актыўна прасоўвае ідэі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Але ягоная біяграфія нашмат цікавейшая.

Стваральнік «славянскага патрыятычнага блёку» скінхэдаў

На пачатку 2000-х у Менску існавала мноства нефармальных асяродкаў. У сталіцы па тэрытарыяльным прынцыпе ўтвараліся блёкі скінхэдаў — аб’яднаньні моладзі з ультраправымі поглядамі. У адну з такіх брыгадаў у раёне Акадэміі навук уваходзіў будучы палітык Сяргей Лушч.

Як расказаў чалавек, знаёмы з тагачаснымі ўльтраправымі тусоўкамі, у блёку Лушча прасочваліся яўныя славянафільскія погляды: «магутная вялікая Русь з дамінуючай сілай — славянамі». Удзельнікі тусоўкі заўжды сьвяткавалі 9 траўня, выступалі супраць нацыянальных сымбаляў і апазыцыі.

Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюцца дасьледаваньнем Isans. Вось што там пішуць пра Сяргея Лушча.

«Як вынікае зь біяграфіі Лушча на закрытым цяпер сайце агенцтва нэанацысцкага „Рускага ладу“ „Модус Агенди“, ён з 2000 году быў актыўным удзельнікам моладзевага патрыятычнага руху і адным з заснавальнікаў моладзевай арганізацыі „Славянскі патрыятычны блёк“ (2002–2004). Апошні, паводле дасьледчыкаў, паўстаў з удзельнікаў РНЕ і груповак скінхэдаў. Па розных дадзеных, „Славянскі патрыятычны блёк“, сузаснавальнікам якога быў Лушч, быў таксама наўпрост зьвязаны з нэанацысцкай паганскай сэктай „Схорон Еж Славен“», — пісалі аўтары дасьледаваньня.

Адзін з кіраўнікоў беларускай філіі «Схорон Еж Славен»

Таксама на пачатку 2000-х малады Сяргей Лушч падпадае пад уплыў расейскай нэапаганскай арганізацыі «Схорон Еж Славен». Ейны стваральнік Уладзімір Галякоў, які называе сябе Багуміл Другі Галяк ці Жрэц усіх славянаў, — ураджэнец Санкт-Пецярбургу.

Ідэі гэтага аб’яднаньня — кактэйль з паганства, славянафільства і дамінуючай ролі славянаў у Расеі, Украіне і Беларусі. Выказваньні Галякова нярэдка адзначаюцца антысэмітызмам і шавінізмам, дыскрымінацыяй і ксэнафобіяй.

Прыхільнікі аб’яднаньня нібыта вераць у паганскія традыцыі і праводзяць абрады. Зрэшты, пры бліжэйшым знаёмстве аказваецца, што ідэі Галякова — гэта сумесь індуізму і фантазіі: «Бог адзіны, а паганскія багі — ягоныя аватары». Тагачасную дзейнасьць сэкты крытыкаваў і цяперашні паплечнік Лушча Аляксей Дзермант.

З абрадаў гэтага аб’яднаньня захаваліся фатаздымкі, дзе Сяргей Лушч стаіць поруч з Уладзімірам Галяковым.

У пэўны час зьяўляецца менская філія аб’яднаньня. Лушч атрымлівае «павышэньне» і завецца «волхв Вячаслаў». Ён нават праводзіць абрады ў Менску ў адмысловым адзеньні. У расьсьледаваньні «Нашай Нівы» ёсьць здымак, дзе людзі, якіх сабраў Лушч, «зігуюць» (падымаюць рукі ў фашыстоўскім вітаньні).


У «Схорон Еж Славен» у 2009 годзе было ў Менску «сьвяцілішча», дзе зьбіраліся прыхільнікі арганізацыі. Тады ж навукоўцы з БДУ ахарактарызавалі арганізацыю як «патэнцыйна небясьпечную».

«У цэлым асаблівасьці арганізацыйнай структуры і ідэалягічнай дактрыны дазваляюць характарызаваць „Схорон Еж Славен“ ня проста як радыкалісцкую, а як патэнцыйна дэструктыўную арганізацыю з выразнай экстрэмісцкай арыентацыяй. Ідэалягічны нацыяналізм і ксэнафобія, распальваньне этнічнай і нацыянальнай варожасьці, культ усёдазволенасьці ў сукупнасьці з актыўнай арганізацыйнай дзейнасьцю, стварэньнем ваенізаваных структур...», — адзначалася ў публікацыі «Весьніка БДУ» за 2009 год.

Кіраўнік арганізацыі ў Расеі Галякоў удзельнічае ў «Рускіх маршах» і час ад часу нават крытыкуе дзейнасьць Уладзіміра Пуціна. Напрыклад, удзельнічаў у пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў у расейскую Дзярждуму ў 2011 годзе.

Апошнія фатаздымкі, дзе Лушч прысутнічае разам з Галяковым, датуюцца 2016 годам. Ці падтрымліваюць цяпер яны сувязь — невядома, але ў 2019 годзе Ўладзімір Галякоў наведваў Берасьцейскую крэпасьць.

Стваральнік «Румола»

У 2011 годзе ў Менску рэгіструецца грамадзкае аб’яднаньне «Русь маладая», скарочана «Румол». Старшыня — Сяргей Лушч. Арганізацыя прапагандуе расейскую культуру, удзельнічае ў раздаваньні георгіеўскіх стужак, далучаецца да арганізацыі акцыі «Бесьсьмяротны полк», якую некалькі разоў забаранялі беларускія ўлады. Лушч яшчэ ўдзельнічае ў абрадах «Схорон Еж Славен», што не перашкаджае яму наведваць цэрквы і ўсхваляць перамогу 9 траўня.

Лягатып арганізацыі «Румола» нагадвае лягатып арганізацыі «Схорон Еж Славен», але адрозьніваецца колерамі: у расейскай сэкты эмблема чорная, а ў «Румола» — чырвоная.

У сваім акаўнце «ЎКантакце» падчас актыўнай дзейнасьці «Румола» Сяргей Лушч піярыць расейскія фонды, кшталту фонду Гарчакова, і заклікае дасылаць заяўкі на ўдзел у мерапрыемствах. Таксама ён удзельнічае ў шматлікіх форумах і сустрэчах пад эгідай «Россотрудничества», дзе прадстаўляе моладзь Беларусі. Менавіта «Россотрудничество» займаецца падтрымкай прарасейскіх арганізацый у Беларусі.

Дзе працаваў ці працуе Лушч, невядома. Па некаторых зьвестках, калісьці ён быў праграмістам на заводзе і скончыў БДУІР ня зь першай спробы. У 2019-м спрабаваў стаць дэпутатам, але ня здолеў сабраць нават паловы зь неабходнай тысячы подпісаў.

Партыя «Саюз»

Падчас выбарчых і поствыбарчых падзеяў Сяргей Лушч вельмі акуратна пачынае крытыкаваць беларускія ўлады за празьмерны гвалт.

«Толькі палітычны дыялёг і рэформы могуць быць выхадам з крызісу, і ўлада гэта павінна ўсьведамляць», — пісаў Лушч 23 жніўня падчас масавай акцыі ў Менску.

Пазьней ён усё часьцей пачынае зьяўляцца на дзяржаўнай тэлевізіі ў кампаніі Алега Гайдукевіча, Аляксея Дзерманта, Аляксандра Шпакоўскага. А зь мінулай восені займаецца стварэньнем партыі «Саюз», якая мае прапагандаваць ідэю інтэграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG