У камэнтары агенцтву БелаПАН Сяргей Лушч заявіў, што цягам паўгоду мяркуе зарэгістраваць рэгіянальныя структуры і рыхтавацца да мясцовых выбараў, якія маюць адбыцца ў 2022 годзе.
На пытаньне, каго «Саюз» бачыць сваімі саюзьнікамі на цяперашнім палітычным полі Беларусі, Лушч адказаў: «Мы выходзім з досыць шырокім палітычным парадкам дня. Гэта ня толькі геапалітычны і цывілізацыйны выбар Рэспублікі Беларусь, пра які мы адкрыта заяўляем, — гэта саюз з Расеяй, паглыбленьне інтэграцыі. У нас дастаткова прагрэсіўны погляд на беларускую эканоміку, ёсьць свае прапановы, і тут мы гатовыя, скажам так, з правым спэктрам палітычных сілаў Рэспублікі Беларусь супрацоўнічаць, абменьвацца экспэртнымі меркаваньнямі».
На сходзе выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Тэнгіз Думбадзэ. «Я веру ў ваш "Саюз", у вашую партыю, — цытуе яго БелаПАН. — Вядома, толькі пры адной умове: гэта не павінна ўдарыць па сувэрэнітэце нашай краіны, ні ў якім разе».
- Сяргей Лушч — кіраўнік прарасейскай моладзевай арганізацыі «Русь молодая», якая працуе ў Беларусі з 2011 году.
- «Русь молодая» зьяўляецца адэптам канцэпцыі рускага сьвету. У статуце арганізацыі сярод мэтаў прапісана «садзейнічаньне яднаньню народаў і дзяржаў славяна-рускага арэалу», а таксама «пабудова глябальнай безбарʼернай расейскамоўнай прасторы, заснаванай на адзінай гісторыка-культурнай і духоўнай традыцыі».
- Выступаючы летась у кастрычніку на сходзе арганізатараў партыі, Лушч акцэнтаваў увагу на «важнасьці рэалізацыі праекту Саюзнай дзяржавы як адзіна магчымага геапалітычнага выбару Беларусі; на неабходнасьці прызнаньня Крыму расейскай тэрыторыяй, сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі».
- На сайце ініцыятывы «Саюз» сказана, што гэта «добраахвотнае абʼяднаньне грамадзян і юрыдычных асоб Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь для сумеснай дзейнасьці, накіраванай на ўмацаваньне Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі».