Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Джулі Фішэр адрэагавала на заяву Макея: «ЗША не прымаюць абмежаваньняў дзейнасьці амбасадараў»


Джулі Фішэр
Джулі Фішэр

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр адрэагавала на словы Макея пра «сэнс прыезду» і заявіла, што Лукашэнку яшчэ ня позна зрабіць захады, якія б палепшылі жыцьцё беларусаў.

Амбасадарка Злучаных Штатаў у Беларусі Джулі Фішэр, вымушаная працаваць зь Вільні, бо афіцыйны Менск не выдае ёй візы для працы непасрэдна ў Менску, паведаміла, што ЗША яшчэ паглядзяць на эфэктыўнасьць санкцый супраць дзяржпрадпрыемстваў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат».

«Санкцыі, якія закранулі дзевяць дзяржпрадпрыемстваў, размарозілі, бо ўрад Лукашэнкі трымае палітвязьняў. [...] У цяперашніх умовах Дзярждэпартамэнт даў адпаведныя рэкамэндацыі Мінфіну адносна санкцыяў, улічваючы тое, што ў Беларусі сёньня больш за 350 палітвязьняў. Гэта быў магутны сыгнал ад нас — сытуацыя не дазваляе, каб санкцыі заставаліся замарожанымі. Цяпер мы паглядзім, ці будуць санкцыі эфэктыўнымі».

Джулі Фішэр таксама выказалася і на іншыя тэмы беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Яна зноў спынілася на «замаху» на Лукашэнку, які, паводле ягонага рэжыму, падрыхтаваны спэцслужбамі ЗША. Абвінавачаньні яна назвала «абсурднымі».

«Многія разумныя і рацыянальныя людзі могуць пасьмяяцца з гэтага, знайсьці несупадзеньні ці ўбачыць адсутнасьць пэўных дэталяў у гэтай гісторыі. Але што на самай справе мяне хвалюе: у Беларусі сёньня сапраўдны палітычны крызіс, але, замест таго, каб рабіць захады, Лукашэнка вырашыў засяродзіцца на пошуках вінаватых, а не на рэальных праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы, не на кроках, якія трэба зрабіць, каб пераадолець гэты крызіс».

На пытаньне, чаму Лукашэнка абвінавачвае амэрыканцаў у «замаху», дыплямат прапанавала задаць гэтае пытаньне непасрэдна яму і дапусьціла, што гэта можа залежыць «ад дня або настрою».

Таксама Джулі Фішэр пракамэнтавала нядаўнія словы міністра замежных справаў Уладзімера Макея, які заявіў, што калі Фішэр зьбіраецца прыехаць у Беларусь і рабіць заявы пра нелегітымнасьць рэжыму, то ёй няма сэнсу прыяжджаць у краіну. Яна заявіла, што амэрыканскаму дыплямату непрымальна «згаджацца на нейкія абмежаваньні дзейнасьці».

«Паслы ЗША таксама надаюць шмат значэньня назіраньню за судовымі працэсамі, за сытуацыяй з правамі чалавека. Для мяне вельмі важна зразумець, ці змагу я выконваць свае дыпляматычныя функцыі на ўсе 100 адсоткаў, таму што ЗША не прымаюць абмежаваньняў дзейнасьці амбасадараў».

Таксама амэрыканская амбасадарка сказала, што Лукашэнку «яшчэ ня позна прыняць рашэньні, якія пайшлі б на карысьць народу Беларусі».

«Ёсьць рашэньні, якія будзе прымаць Лукашэнка, і ёсьць рашэньні, якія будуць прымаць яго асяродзьдзе і спэцслужбы. Я зь нецярплівасьцю чакаю дня, калі Беларусь будзе сучаснай эўрапейскай нацыяй, яны ўжо сёньня могуць нешта зрабіць, каб падрыхтаваць глебу для гэтага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG