Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр правяла сустрэчу ў МЗС Польшчы, асудзіла ўціск польскай меншасьці ў Беларусі


Джулі Фішэр і Марцін Пшыдач
Джулі Фішэр і Марцін Пшыдач

Прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр сустрэлася з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Марцінам Пшыдачам. Яны абмеркавалі беларускі крызіс, а таксама палітыку Расеі ў рэгіёне.

«Мы сышліся ў нашых ацэнках: грамадзтва ня можа стаць ахвярай крызісу, справакаванага ўладамі Беларусі. І мы таксама асудзілі палітыку рэпрэсій у дачыненьні да польскай меншасьці», — напісаў Марцін Пшыдач у Twitter.

У сваю чаргу, Джулі Фішэр заявіла, што Злучаныя Штаты працягнуць выказвацца пра сытуацыю ў Беларусі ад імя палітвязьняў і нацыянальных меншасьцяў. Яна асудзіла ўціск беларускіх пратэстоўцаў, а таксама польскай нацыянальнай меншасьці рэжымам Лукашэнкі.

Кіраўніцу Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс арыштавалі ў сакавіку. Спачатку яе асудзілі да арышту за арганізацыю «незаконнага мерапрыемства», якім улады прызналі традыцыйны кірмаш Казюкі. А затым прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму». Цяпер яна ў СІЗА № 1 Менску.

Анжаліцы Борыс і тром іншым актывістам Саюзу палякаў — Андрэю Пачобуту, Ірэне Бярнацкай і Марыі Цішкоўскай — пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Усе яны пад вартай.

Таксама актывістаў Саюзу палякаў Анджэя Пісальніка і Інэсу Тодрык-Пісальнік пасьля ператрусу ў іх кватэры даставілі ў Менск для допыту па той жа крымінальнай справе. Пасьля гэтага сужэнцы тэрмінова зьехалі ў Польшчу.

Акрамя таго, улады абвінавацілі актывістку зь Берасьця Ганну Панішаву ў арганізацыі «масавых мерапрыемстваў», падчас якіх «усхваляліся ваенныя злачынцы, у тым ліку Рамуальд Буры». Яна і некаторыя яе паплечнікі таксама за кратамі.

Усе арыштаваныя польскія актывісты прызнаныя палітвязьнямі.

Улады Польшчы, Эўразьвязу ды іншых краін заклікалі Беларусь выконваць міжнародныя нормы, якія тычацца абыходжаньня зь меншасьцямі, і неадкладна вызваліць актывістаў.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG