Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да 17 красавіка быў у Магілёве і нікога не цікавіў...», — фігурант «справы аб замаху на Лукашэнку»


Віталь Макаранка, 2020 год
Віталь Макаранка, 2020 год

КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных у справе пра замах на Лукашэнку. Сярод іх кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка.

«Такі я быў небясьпечны змоўшчык, што чатыры дні застаўся ў Беларусі​...»

51-гадовы актывіст цяпер ва Ўкраіне. Кажа, што пабачыць сваё імя сярод «змоўшчыкаў» было для яго нечаканай і непрыемнай навіною. Паводле Макаранкі, да 17 красавіка ён быў у Магілёве і ні ад кога не хаваўся. На ягоны погляд, злачынцаў, якія «хочуць забіць прэзыдэнта, звычайна бяруць усіх разам, а па яго ніхто не прыходзіў і нават на допыт не выклікалі».

«Такі я быў небясьпечны змоўшчык, што чатыры дні застаўся ў Беларусі, а потым спакойна паляцеў ва Ўкраіну. І толькі праз два тыдні высьветлілася, што я небясьпечны грамадзянін», — камэнтуе сытуацыю Макаранка.

Быў слухачом на відэаразмове ў Zoom, на якой абмяркоўвалі аб’яднаўчы маніфэст апазыцыі

Паводле афіцыйна агучанай вэрсіі, пераварот і ліквідацыю Лукашэнкі абвінавачаныя абмяркоўвалі падчас відэаразмоваў у Zoom. Віталь Макаранка кажа, што слухачом адной зь іх ён быў у сярэдзіне студзеня. На ягоны погляд, была яна «абсалютна траваеднай».

«На ёй абмяркоўвалі маніфэст, які, як мне сказалі, можа стаць падмуркам яднаньня ўсіх дэмакратычных апазыцыйных сілаў. Мелася на ўвазе: старой і новай апазыцыі», — кажа актывіст. Па ягоных словах, ён толькі аднойчы выказаў меркаваньне, «што пасьля рэвалюцыі хто перамагае, на баку таго і праўда».

Макаранка настойвае, што ня чуў, каб падчас абмеркаваньня нехта казаў пра змову ці забойствы. Яму гутарка была нецікавая, бо ён меў свой погляд на сытуацыю ў Беларусі. На наступныя дыскусіі яго не запрашалі.

«Магчыма, мяркуюць, што я магу даць паказаньні супраць ужо затрыманых людзей»

Партыец настойвае, што аб’ектыўных падставаў для абвінавачваньня яго ў замаху на Лукашэнку ў беларускіх спэцслужбаў ня можа быць. Ён кажа, што «за ім няма тысяч баевікоў, зброі, фінансавых сродкаў ды выхадаў на сілавікоў і чыноўнікаў».

На ягоную думку, пад увагу КДБ ён мог трапіць, бо часта з Украіны прыяжджаў у Магілёў, дзе жыве маці. Таксама сваю ролю магла адыграць ягоная партыйнасьць.

«Магчыма, яны мяркуюць, што я магу даць паказаньні супраць ужо затрыманых людзей і тым самым папоўніць доказную базу, якой, наколькі разумею, у спэцслужбаў няма», — разважае актывіст.

«Украіна ня выдасьць мяне беларускім спэцслужбам»

Віталь Макаранка кажа, што ніколі не разглядаў варыянтаў эміграцыі зь Беларусі. Украінскага грамадзянства ў яго няма. Актывіст перакананы, што Ўкраіна не задаволіць запыт беларускіх спэцслужбаў на ягоную экстрадыцыю, бо справа, лічыць ён, відавочна палітычная і нагадвае «гісторыю з падпалам райхстагу». Пры гэтым партыец адзначае, што ня супраць даць паказаньні па справе.

«Хіба што паспрабуюць выкрасьці, але я буду абачлівым і асьцярожным», — падсумоўвае ён.

Акрамя Віталя Макаранкі, абвінавачваньні ў змове ці іншых дзеяньнях, учыненых для захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК), выстаўленыя:

— Аляксандру Фядуту (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
— Юрыю Зянковічу (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
— Рыгору Кастусёву (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
— Вользе Галубовіч (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
— Дзьмітрыю Шчыгельскаму,
— Аляксандру Перапечку,
— Паўлу Кулажанку,
— Ігару Макару.

КДБ накіраваў запыты аб прававой дапамозе ў ЗША, зьбіраецца таксама адправіць у Літву і Ўкраіну. Камітэт дзяржбясьпекі спадзяецца, што астатніх абвінавачаных вышлюць у Беларусь. Пракуратура ўжо завочна пастанавіла ўзяць іх пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG