Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр плянуе працаваць зь Вільні. МЗС Беларусі ўжо адрэагаваў

абноўлена

Джулі Фішэр і Сьвятлана Ціханоўская каля Вострай брамы ў Вільні 21 красавіка. REUTERS/Janis Laizans
Джулі Фішэр і Сьвятлана Ціханоўская каля Вострай брамы ў Вільні 21 красавіка. REUTERS/Janis Laizans

Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр плянуе жыць і працаваць у Вільні. Урад Літвы атрымаў афіцыйны запыт аб яе акрэдытацыі ў Вільні.

«Злучаныя Штаты вырашылі, што пасол у Беларусі Джулі Фішэр будзе жыць і працаваць у Вільні. Урад Літоўскай Рэспублікі ўжо атрымаў афіцыйны запыт аб акрэдытацыі пасла ЗША ў Беларусі ў Вільні», — заявіў 21 красавіка намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас, перадае 15min.lt.

Вільня становіцца важнай сталіцай для працы зь Менскам. Тут шмат міжнародных арганізацый, якія ня могуць працаваць у Беларусі, — сказаў Адаменас агенцтву BNS.

Беларускае Міністэрства замежных спраў не выдае Джулі Фішэр візы.

Пасольства ЗША ў Літве паведаміла BNS, што Беларусь ня выдала візы яшчэ пяці амэрыканскім дыпляматам.

Паводле пасольства, Джулі Фішэр будзе працягваць кантактаваць зь беларусамі па-за межамі Беларусі, «у тым ліку зь лідэрамі пратэставага руху, прафэсіяналамі СМІ, студэнтамі і іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці». А таксама з саюзьнікамі і партнэрамі ЗША ў Эўропе.

21 красавіка Сьвятлана Ціханоўская разам з пасламі ЗША, Польшчы і Літвы, а таксама міністрам замежных спраў Літвы Мантасам Адаменасам наведала знакавыя для беларусаў месцы ў Вільні — Вострую браму і Базыльянскія муры. А таксама ўсклала кветкі да помніка ахвярам Чарнобылю ў парку Сапегі.

МЗС Беларусі: Пасол, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачыненьня да Беларусі мець ня можа

Прэсавы сакратар беларускага міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз адзначыў, што афіцыйнай інфармацыі пра акрэдытацыю Джулі Фішэр у Літве яны ня маюць.

«Аднак акадэмічна, прафэсійна нам не зусім зразумела нават, пра што можа ісьці гаворка, пра якую акрэдытацыю?

Чыста гіпатэтычна, калі гэта акрэдытацыя пасла ў МЗС Літвы, то значыць у Літве будзе два паслы ЗША, якія будуць прадстаўляць там амэрыканскія інтарэсы.

Цалкам відавочна, што пасол, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачыненьня да Беларусі ня можа і ніколі ня будзе мець», — сказаў Глаз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG