КДБ назваў імёны ўсіх дзевяці абвінавачаных у справе пра замах на Лукашэнку, паведаміла БелТА.
Гэта
- Аляксандар Фядута,
- Юры Зянковіч,
- Рыгор Кастусёў,
- Вольга Галубовіч,
- Дзьмітры Шчыгельскі,
- Аляксандар Перапечка,
- Павал Кулажанка,
- Віталь Макаранка,
- Ігар Макар.
Фядуту, Зянковіча, Кастусёва і Галубовіч трымаюць у СІЗА КДБ.
КДБ накіраваў запыты аб прававой дапамозе ў ЗША, зьбіраецца адправіць у Літву і Ўкраіну. Камітэт дзяржбясьпекі спадзяецца, што астатніх абвінавачаных вышлюць у Беларусь. Пракуратура ўжо завочна пастанавіла ўзяць іх пад варту.
Увечары 17 красавіка ў рэпартажы тэлеканалу АНТ з удзелам кіраўніка КДБ Івана Тэртэля заявілі, што ўлетку ў Беларусі плянаваўся пераварот і ліквідацыя Аляксандра Лукашэнкі. У доказ прывялі запіс відэаразмовы ў Zoom, на якой нібыта абмяркоўваліся дэталі апэрацыі.
Двух удзельнікаў згаданай Zoom-канфэрэнцыі — Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ у Менску. Яшчэ аднаго ўдзельніка, лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва, затрымалі ў Беларусі. Ён таксама ў СІЗА КДБ.
Акрамя іх, у размове ўдзельнічалі былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, Павал Кулажанка, які служыў ва Ўнутраных войсках і АМАПе, псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі і экспэрт у статыстычных мадэлях і Ўсходняй Эўропе Аляксандар Перапечка.