Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Telegram-каналы «МКБ» і «Каратели Беларуси» — экстрэмісцкія, зьвесткі сілавікоў выдавалі супрацоўнікі «Белтэлекаму»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Telegram-каналы «Мая краіна Беларусь» і «Каратели Беларуси» прызналі экстрэмісцкімі.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла ў Telegram аб прызнаньні «экстрэмісцкімі» двух Telegram-каналаў і двух чатаў на падставе рашэньня суду Чыгуначнага раёну Гомля ад 22 сакавіка.

Экстрэмісцкімі названыя каналы:

  • «Мая краіна Беларусь» — звыш 157 тысяч падпісчыкаў;
  • «Каратели Беларуси» — звыш 1100 падпісчыкаў;
  • «Я выхожу / МКБ» — звыш 7500 удзельнікаў;
  • «Чат группы Каратели» — звыш 1900 удзельнікаў.

Прычыны такога рашэньня суду не называюцца. Раней у Беларусі «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя Telegram-каналы «Революционное действие», сетка каналаў Nexta і шэраг гарадзкіх чатаў.

У выдачы пэрсанальных зьвестак праваахоўнікаў вінавацяць двух супрацоўнікаў «Белтэлекаму»

Канал «Каратели Беларуси» публікуе пэрсанальныя зьвесткі сілавікоў і чыноўнікаў, якіх у гэтым канале вінавацяць у перасьледзе беларусаў з палітычных матываў. Крыніцы інфармацыі канал не раскрывае.

Паводле МУС, мінулай восеньню затрымалі 35-гадовага інжынэра электрасувязі і 24-гадовага спэцыяліста па продажах дзяржаўнага правайдэра «Белтэлекам». Супраць іх распачалі крымінальныя справы паводле неназваных артыкулаў.

Нядаўна, як сьцьвярджаюць супрацоўнікі ГУБАЗіК і Сьледчага камітэту, выявілася, што гэтыя два чалавекі «ня проста хацелі дэананімізаваць праваахоўнікаў», але і «спрыялі дэструктыўным Telegram-каналам у стварэньні ўмоваў і заахвочваньні да ўжываньня гвалту, зьнішчэньня маёмасьці службовых асобаў дзяржорганаў, праваахоўнікаў, журналістаў і грамадзкіх дзеячоў, а таксама распаўсюдзе паклёпніцкіх зьвестак і разгалошваньні інфармацыі, якую кліенты прадпрыемства жадалі захаваць у таямніцы». Ці ёсьць пацярпелыя ад гэтых дзеяньняў, не ўдакладняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG