Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Беларускія ўлады паставілі пад пагрозу здароўе ўзроставых пратэстоўцаў


Пратэст пажылых людзей, архіўнае фота
Пратэст пажылых людзей, архіўнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International задакумэнтавала адвольныя арышты і факты жорсткага абыходжаньня з пажылымі людзьмі ў Беларусі.

«Беларускія ўлады паставілі пад пагрозу здароўе пажылых пратэстоўцаў, якім пагражае падвышаная рызыка заражэньня COVID-19, транспартуючы іх у перапоўненых міліцэйскіх аўтобусах і зьмяшчаючы ў такія ж перапоўненыя турэмныя камэры», — гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

Як адзначае Amnesty International, многія пажылыя людзі ў Беларусі арганізавалі ўласныя акцыі салідарнасьці зь мірнымі дэманстрантамі, вядомыя як «Маршы мудрасьці».

«Людзі ўсіх узростаў бралі ўдзел у пратэстах супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Незалежна ад узросту пратэстоўцаў, улады адказвалі на іх акцыі з аднолькавым гвалтам. Абыходжаньне зь мірнымі дэманстрантамі было жахлівым паўсюдна, аднак жорсткае абыходжаньне з 80-гадовымі людзьмі дэманструе ў поўнай меры, наколькі непрапарцыйная рэакцыя міліцыі», — заявіла каардынатарка кампаній Amnesty International па Беларусі Тацяна Маўшэвіч.

«Amnesty International сабрала інфармацыю аб пажылых людзях, якія пакутуюць ад цяжкіх захворваньняў, у тым ліку раку, хвароб сэрца, лёгкіх і г.д. Яны зазналі жорсткія затрыманьні на тэрмін да некалькіх тыдняў. Гэта выклікае асаблівую заклапочанасьць з улікам таго, што беларускія ўлады так і не зрабілі адэкватных крокаў для мінімізацыі рызыкаў заражэньня каранавірусам сярод затрыманых», — дадала каардынатарка арганізацыі.

Amnesty International працягвае глябальную кампанію салідарнасьці #StandWithBelarus, якая расказвае, як задушэньне пратэстаў ўплывае на розныя пласты беларускага грамадзтва.

Арганізацыя заклікала да салідарнасьці з народам Беларусі, бо яго правы працягваюць сыстэматычна парушацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG