ЗША заўсёды хацелі стабільнасьці ў адносінах зь Беларусьсю, але дзеяньні ўладаў краіны супраць апазыцыі не дазваляюць вярнуцца да нармальнага вядзеньня спраў, заявіў 21 красавіка прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, перадае interfax.by.
«ЗША заўжды дабіваліся ўстойлівых і прадказальных стасункаў зь Беларусьсю, ад моманту абвяшчэньня ёй незалежнасьці ў 1991 годзе», — сказаў Нэд Прайс.
«Але пакуль у Беларусі будзе працягвацца тое, чаму мы сталі сьведкамі, — парушэньні правоў чалавека, рэпрэсіі — нельга весьці справы, як раней».
Пры гэтым Нэд Прайс згадаў рашэньне ЗША аднавіць санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
У той жа час ён заявіў, што ЗША жадаюць нармалізацыі дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю і прыезд амэрыканскага пасла ў Менск быў бы надта важным для дасягненьня гэтай мэты.
Амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джулі Фішэр ня можа прыехаць у Менск, бо ў яе дагэтуль няма беларускай візы.