Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік MI6: Брытанія і ЗША папярэдзілі Пуціна наконт Украіны


Рычард Мур
Рычард Мур

Лёндан і Вашынгтон нейкі час таму папярэдзілі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра тое, што Масква «заплаціць высокую цану» ў выпадку, калі расейскія войскі пачнуць ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. Пра гэта заявіў у інтэрвію газэце Sunday Times дырэктар Сакрэтнай выведнай службы Вялікабрытаніі, вядомай як MI6, Рычард Мур.

Краіны Захаду неаднаразова выказвалі занепакоенасьць у сувязі з нарошчваньнем Расеяй групоўкі ўзброеных сіл ля мяжы з Украінай і ў анэксаваным Крыме. На гэтым тыдні Масква абвясьціла пра завяршэньне вайсковых вучэньняў і адвод часткі войскаў.

Паводле Мура, «безадказныя» дзеяньні Расеі выклікаюць сур’ёзную трывогу, аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве Расея зьяўляецца слабеючай дзяржавай «з пункту гледжаньня эканомікі і геаграфіі». На думку кіраўніка MI6, Расея сутыкаецца з мноствам цяжкасьцяў, а нядаўнія пратэсты з прычыны арышту Аляксея Навальнага паказалі, што частка яе насельніцтва незадаволеная Ўладзімірам Пуціным.

Кіраўнік MI6, які ўзначаліў службу нядаўна (раней ён быў дыпляматам, займаючы, у прыватнасьці, пасада пасла ў Турцыі), таксама сказаў, што да гэтага часу адчувае гнеў ў сувязі з выкарыстаньнем хімічнай зброі ў Солсбэры — гаворка ідзе аб атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў, да якога меркавана датычныя супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі. Паводле яго, колькасьць ахвяраў магла быць вялікім (ад атручэньня «навічком» загінула адна грамадзянка Вялікабрытаніі). Ён згадаў і пра тое, што чэскія спэцслужбы падазраюць тых самых расейскіх агентаў у арганізацыі выбуху ў Чэхіі ў 2014 годзе.

Усё гэта, як і дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, паводле Мура, прыкметы безадказных паводзінаў Расеі. Паводле кіраўніка MI6, каналы камунікацыі паміж Лёнданам, Вашынгтонам і Масквой адкрытыя і расейскія ўлады ведаюць, як заходнія саюзьнікі ацэньваюць дзеяньні Расеі. Мур падкрэсьліў, што Брытанія хацела б мець з Расеяй іншыя, лепшыя адносіны, аднак «гэты выбар зроблены ня намі».

Кіраўнікі MI6, якая займаецца зьнешняй выведкай, даюць інтэрвію вельмі рэдка, а дырэктар службы па-ранейшаму застаецца адзінай асобай, чыя прыналежнасьць да яе афіцыйна прызнаная, нагадвае The Times. Да 1994 году само існаваньне службы афіцыйна не пацьвярджалася на ўрадавым узроўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG