Лінкі ўнівэрсальнага доступу

$ 10 млн на зьнішчэньне рэзыдэнцыі, $ 1 млн — на снайпэра». Лукашэнка распавёў пра «плян перавароту ў Беларусі»


Лукашэнка расказвае пра пляны перавароту, 17 красавіка 2021 году, Александрыя
Лукашэнка расказвае пра пляны перавароту, 17 красавіка 2021 году, Александрыя

Паводле словах Аляксандра Лукашэнкі, змоўшчыкі распрацоўвалі некалькі сцэнароў. Першапачаткова яны плянавалі ліквідацыю Лукашэнкі на парадзе 9 траўня.

Аднак уявіць рэалізацыю ў Беларусі такой задумы складана, таму яны адмовіліся ад першапачатковай ідэі, цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Затым разглядаўся напад на прэзыдэнцкі картэж. Для гэтага, сказаў Лукашэнка, мяцежнікамі нібыта нават былі закуплены і прывезены ў Беларусь гранатамёты. Аднак ажыцьцявіць такі сцэнар, паводле Лукашэнкі, у іх бы таксама не атрымалася: у мэтах бясьпекі аўтамабілі ў картэжы перасоўваюцца на вялікай хуткасьці, і верагоднасьць патрапіць у іх вельмі малая.

Паводле трэцяга сцэнару ўзброеныя людзі нібыта павінны былі напасьці на загарадную рэзыдэнцыю Лукашэнкі. На зьнішчэньне рэзыдэнцыі разам з Лукашэнкам, паводле ягоных словаў, вылучалася $ 10 млн, а на снайпэра — $ 1 млн.

«Гэта мы бачылі даўно ўжо. Вы думаеце, мы гэтую апэрацыю ў Маскве правялі з бухты-барахты? Мы за імі сачылі, яны павінны былі прыехаць у Менск і правесьці гэтую апэрацыю. Але як толькі выйшаў гэты фільм (расьсьледаваньне „Манкурыт“ на тэлеканале ОНТ), яны вушы прыціснулі: „Не, у Менск не паедзем. Куды? У Маскву“. Мы кантралявалі іх кожны крок», — расказваў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку змоўшчыкаў, паводле яго, быў супрацоўнік спэцслужбаў, які выконваў ролю прадажнага генэрала.

«Гэта быў наш агент. Малайчына. Дзякуй хлопцу, ён выдатна нам дапамог, не пабаяўся. Яны празь яго хацелі падняць армію», — дадаў Лукашэнка.

17 красавіка падчас суботніка ў Александрыі Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцьце «аднаго з самых прынцыповых рашэньняў». Рашэньне ён паабяцаў аформіць дэкрэтам. Лукашэнка заявіў, што вырашыў падпісаць такі дэкрэт, «калі ўсё гэта разгортвалася», і расказаў журналістам, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.

У прыватнасьці, сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.


Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых амэрыканскага адваката зь грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а таксама літаратуразнаўцу і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту.

Паводле Лукашэнкі, ён праінфармаваў Расею, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падняў пытаньне аб меркаваным замаху ў размове з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG