У горадзенскую краму «Адметнасьць», якая гандлюе таварамі зь беларускай сымболікай, прыйшоў ліст пра «акупацыйную бел-чырвона-белую сымболіку» і «пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сьцягі».
Электронны зварот напісаў жыхар вёскі Бігосава Верхнядзьвінскага раёну Віцебскай вобласьці А. Кавалёў. Ён пацікавіўся, чаму ў краме прадаюцца, як ён сфармуляваў, «акупацыйная бел-чырвона-белая сымболіка» і «пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сьцягі».
На гэты зварот адрэагавала Ўпраўленьне гандлю гарвыканкаму і прыслала ў краму свой запыт.
Гаспадыня крамы «Адметнасьць» Вольга Верамеенка пракамэнтавала, што яна лічыць гэты зварот псыхалягічным ціскам на ўласьнікаў крамы.
«Гэта такі від маральнага ціску за тое, што крама беларускай накіраванасьці, за тое, што не маўчым, за тое, што, як і большасьць беларусаў, ня згодныя з тым, што цяпер адбываецца ў нашай краіне», — мяркуе Верамеенка.
Яна выказала зьдзіўленьне тым, што скаргу напісаў жыхар вёскі Бігосава Віцебскай вобласьці:
«Як ён даведаўся пра краму? Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, штукі мясцовых так званых „актывістаў“».
Верамеенка расказала, што яны будуць рыхтаваць грунтоўны адказ, падмацаваны дакумэнтамі, пра азначэньні бел-чырвона-белых сьцягоў і іншай сымболікі.
«Наконт „акупацыйнай бел-чырвона-белай сымболікі“ і „пранацысцка-пратэставых бел-чырвона-белых сьцягоў“ я б паспрачалася. Гэта нічога нідзе не забаронена, усё галаслоўна. Нават Лукашэнка прымаў прысягу пад бел-чырвона-белым сьцягам», — патлумачыла гаспадыня крамы.