Ён расказаў, якія ўрокі і высновы зрабіў з апошніх падзеяў, што насамрэч абмяркоўвалася на Zoom-канфэрэнцыях і пад узьдзеяньнем чаго арыштаваныя КДБ людзі могуць даць прызнальныя паказаньні.
Глядзіце размову цалкам на відэа.
Тут фрагмэнты інтэрвію.
Сьцісла
- Мяне зьдзівіла, што Зянковіч у рэстарацыі гаворыць пра ліквідацыю самага галоўнага. Я перакананы, што гэта праца контравыведкі, што яго прымусілі так сказаць.
- Фільм быў зроблены такім чынам, каб ніхто з супрацоўнікаў сілавога блёку, КДБ, МУС, Узброеных сілаў Беларусі нават і падумаць ня мог, каб зрабіць нейкі крок у бок апазыцыі.
- Я атрымаў вельмі сур’ёзны ўрок, дагэтуль прыходжу ў сябе, таму што пацярпелі рэальна ні ў чым не вінаватыя людзі.
- Менавіта пры Зайцаву было распрацаванае рэчыва, якім цяпер «пояць» цывільных, якія трапляюць у СІЗА КДБ. Менавіта пад гэтым прэпаратам выбіваюцца паказаньні.
«Гэта працавала контравыведка»
— Давайце пачнём размову з заяваў Тэртэля і Лукашэнкі пра нібыта плянаваныя пераварот і ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі і яго дзяцей. У доказ прыводзіўся запіс відэаразмовы ў Zoom з удзелам сямі чалавек, на якой нібыта абмяркоўваліся дэталі апэрацыі. Двух удзельнікаў Zoom-канфэрэнцыі, Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуту, затрымалі ў Маскве і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ у Менску. Яшчэ аднаго ўдзельніка, лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва, затрымалі ў Беларусі. Ён таксама ў СІЗА КДБ. Акрамя іх, у размове ўзялі ўдзел Павал Кулажанка, які служыў ва ўнутраных войсках і ў АМАПе, псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экспэрт у статыстычных мадэлях і Ўсходняй Эўропе Аляксандар Перапечка і вы. Што гэта была за размова і наколькі яе зьмест адпавядаў таму, пра што заявілі спэцслужбы?
— Гэта былі сумесныя Zoom-канфэрэнцыі, я туды быў прыняты праз галасаваньне. Удзельнічаў у чатырох ці пяці канфэрэнцыях. Мы абмяркоўвалі пытаньне аб тым, каб дыктатарскі рэжым скончыў сваё існаваньне, гаварылі пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, каб прызнаць яго тэрарыстычным рэжымам. Самае галоўнае, пра што мы гаварылі і пра што я буду гаварыць заўсёды, — каб сілавы блёк і Ўзброеныя сілы перайшлі на бок беларускага народу. Гэта вельмі важна. Ні пра якую ліквідацыю, і ў прыватнасьці сямʼі Лукашэнкі, размова ніколі не вялася.
Я ў нядзелю вярнуўся з заплянаванай паездкі, і для мяне стала вялікім шокам тое, што там нагаварылі. Я ўжо ва ўсім разабраўся і хачу сказаць, што гэта 100% працавала контравыведка, былі вайскоўцы, якіх укаранілі ў гэтую групу, якія атрымлівалі запісы.
— Вы маеце на ўвазе, што гэта зрабіў нехта з удзельнікаў абмеркаваньня ці людзей, зьвязаных з удзельнікамі абмеркаваньня?
— Не. Гэта працаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.
— Якім чынам мог быць атрыманы запіс канфэрэнцыі? Праз спэцсродкі?
— Усе абмеркаваньні цалкам запісваў Юрась Зянковіч. Перад пачаткам ён заўсёды казаў, што ўключае запіс. Аляксандар Фядута шмат разоў выказваў незадаволенасьць гэтым. І я таксама. Мне было незразумела, навошта рабіць запіс, а Юрась пераканаў усіх, што запісы будуць перадавацца людзям, якія гэта будуць аналізаваць. Цяпер я разумею, што, магчыма, гэта былі вайскоўцы, якіх укаранілі, якія схілялі да таго, каб ліквідаваць Лукашэнку. Мяне вельмі зьдзівіла, што менавіта Юрась Зянковіч у рэстарацыі ў Маскве гаворыць пра ліквідацыю самага галоўнага. Я перакананы, што гэта праца контравыведкі, што яны прымусілі яго так сказаць, што ён проста паўтарыў фразу вайскоўцаў.
Я думаю, што вельмі хутка мы пабачым фільм, у якім і Зянковіч, і Фядута, і Кастусёў пакажуць і склеп, і зброю, і выбухоўку, скажуць, што хацелі зрабіць дзяржаўны пераварот, хацелі захапіць Лукашэнку, яго дзяцей, дзяцей усіх яго блізкіх, унукаў і праўнукаў. Я перакананы, што гэта будзе. І вы пабачыце Фядуту, які будзе расказваць пра такія рэчы, ад які валасы будуць уставаць. Я чуў, як людзі расказвалі такое, чаго ніколі не было ў жыцьці, махаючы рукамі з чырвоным тварам, і гэта не выклікала сумневаў. Разумелі ўсё толькі людзі, якія ведаюць, што робіць Камітэт дзяржбясьпекі.
— Патлумачце, а што за працэдура галасаваньня была? Якія кандыдатуры разглядаліся?
— Была створаная каманда. Думаю, што нехта заўважаў альбо лідэра, альбо чалавека, які можа нешта зрабіць, у якога ёсьць патэнцыял, але, магчыма, не хапае рычагоў узьдзеяньня ці больш шырокага ўзаемадзеяньня з апазыцыйнымі лідэрамі. Мяне, напрыклад, прапанаваў нібыта Павал (Павал Кулажанка, які служыў ва Ўнутраных войсках і АМАПе. — РС), і за мяне прагаласавалі ўсё шасьцёра. Я сам пазьней удзельнічаў у галасаваньні, каб прыняць у нашу каманду Вольгу Карач. Большасьць прагаласавала супраць Вольгі, бо былі некаторыя моманты, якія насьцярожвалі.
«Ня толькі Лукашэнка мае дзяцей. У мільёнаў беларусаў таксама ёсьць дзеці, пра якіх трэба думаць»
— Свабода пагутарыла зь іншымі ўдзельнікамі той канфэрэнцыі. І яны, і назіральнікі збольшага кажуць, што тэма абмеркаваньня была тая самая, як амаль на кожнай кухні — як дасягнуць пераменаў, як зрабіць так, каб Лукашэнка сышоў, бо гэта самая актуальная тэма для вялізарнай колькасьці беларусаў, і любыя паліталягічныя размовы таксама гэтага тычацца.
— Лукашэнка разумее, што ў выпадку адмовы ад улады ён паўстане перад народным судом. Ён ніколі сам не аддасьць уладу... Я перакананы, што пратэставы настрой у масах застаўся. Нас большасьць, і пра гэта Лукашэнка ведае. Але вулічны пратэставы патэнцыял скончыўся. Гэта відавочна. Я галасаваў, каб людзі не выходзілі, бо людзей затрымліваюць, выкідаюць з краіны, караюць шалёнымі штрафамі. Кожны новы выхад будзе ўжо не 1000 даляраў штрафу, а заключэньне пад варту. У кожнага ёсьць сямʼі, дзеці. Ня толькі Лукашэнка мае дзяцей. У мільёнаў беларусаў таксама ёсьць дзеці, пра якіх трэба думаць. Я думаю, я змагу ўзьняць гэтую масу, якая кожны дзень на кухні выказвае незадаволенасьць гэтым рэжымам.
«Харловіч — не супрацоўнік КДБ, а грамадзянін. Я даведаўся пра гэта праз сваіх людзей»
— Ігар, вы сталі адным зь фігурантаў прапагандысцкага фільму «Манкурты», некаторы час вы ўстрымлівалася ад камэнтароў. Там гучыць ваш голас, бачнае відэа. Часам голас, праўдападобна, ваш, часам крыху адрозьніваецца. Што адбывалася насамрэч?
— Калі гэтага чалавека мне парэкамэндаваў Сьцяпан Пуціла, мне паведамілі, што самая першая размова адбывалася пад наглядам супрацоўнікаў. Гэта быў укаранёны агент. Скажу ўпершыню для вашай аўдыторыі, што кожную размову, якую я праводзіў з Харловічам, я запісваў на дыктафон, і маю ўсе дыктафонныя запісы размоваў з гэтым грамадзянінам. Гэта не супрацоўнік КДБ, а гэта грамадзянін. Я даведаўся пра гэта праз сваіх людзей. Гэта ўкаранёны Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі агент, якога ўкаранілі да Сьцяпана. Чаму ён мне яго перадаў, я ня ведаю. Фільм быў зроблены такім чынам, каб ніхто з супрацоўнікаў сілавога блёку, КДБ, МУС, Узброеных сіл Беларусі нават і падумаць ня мог, каб зрабіць нейкі крок у бок апазыцыі. Гэты фільм зроблены як запалохваньне. Паказалі Харловіча, якога пасадзілі ў камэру СІЗА КДБ. Паказалі сьлёзы чалавека, які перадаў дакумэнт. Гэта толькі запалохваньне. А тое, што былі склейкі на размовах і што ня быў мой голас, я гэта пазьней пакажу і дакажу.
— Вы заўсёды казалі, што ў вас ёсьць крыніцы ў спэцслужбах, у сілавых структурах Беларусі, пра дэталі не паведамлялі. Вялікая спэцслужба Беларусі і Расеі, натуральна, па рэсурсах і магчымасьцях істотна мацнейшая за некалькі чалавек, які вырашылі ісьці супраць сыстэмы. Досьвед правакацый і спэцапэрацый у іх вялізарны. Якія высновы вы зрабілі з усяго гэтага на будучыню?
— Так, ёсьць людзі, якія там працуюць, ёсьць людзі, якія працавалі. Я цяпер атрымаў вельмі сурʼёзны ўрок, я дагэтуль прыходжу ў сябе, таму што пацярпелі рэальна ні ў чым не вінаватыя людзі... Мяне ўнесьлі ў сьпіс тэрарыстаў, пацярпелі блізкія мне людзі, іх бацькоў звальняюць з працы без пэнсійных выплат, церпяць іх дзеці.
Як толькі сілавы блёк, вайскоўцы зразумеюць, што ў нармальнай Беларусі ім дадуць гарантыі, тыя, якія яны заслужаць, калі будуць служыць беларускаму народу, я перакананы, што пераважная большасьць пяройдзе на бок народу.
— Давайце згадаем ваш відэазварот да кіраўніка КДБ Беларусі Івана Тэртэля пра плянаваныя правакацыі спэцслужбаў да 25 сакавіка. Што вы мелі на ўвазе?
— 25 сакавіка рыхтаваліся правакацыі спэцслужбаў з мэтай захопу адміністрацыйнага будынку, каб потым паказаць гэта як правакацыю апазыцыі. Гэтую інфармацыю атрымаў таксама і BY_POL. У выніку правакацыі не прайшлі.
— Цяперашнія заявы спэцслужбаў і арышты, магчыма, прымеркаваныя да чарговай даты, калі ўлады, праўдападобна, асьцерагаюцца масавага пратэсту. Гэта 9 траўня. Як вам падаецца, ці была гэта асноўная мэта?
— Ня думаю. Тут ідзе ня больш чым гульня КДБ, магчыма, гульня іншых спэцслужбаў. Ніякага выхаду 9 траўня ніхто не плянаваў, пра гэта заявіла толькі Вольга Карач. Тыя людзі, якія паверылі мне, на вуліцы 9 траўня ня выйдуць.
«Менавіта пад гэтым прэпаратам выбіваюцца паказаньні»
— У вышэйзгаданым звароце да Тэртэля вы называлі званьні і ініцыялы траіх затрыманых людзей (дваіх сілавікоў, падпалкоўнікаў, і аднаго цывільнага Сяргея), у вінаватасьць якіх нібыта павінны будуць паверыць людзі. Вы таксама згадвалі падзеі, інфармацыю пра якія вы «гатовы выкласьці на шалі ў абмен на іх жыцьці (затрыманых) і пра што гатовы маўчаць самі». Патлумачце, калі ласка.
— Гэта Вячаслаў Сідаракін, Юры Гаркач і Сяргей, муж роднай сястры Вячаслава Сідаракіна. Гэтыя людзі затрыманыя не таму, што яны ўчынялі злачынства. Сідаракін і Гаркач — важныя сьведкі дзеяньняў рэжыму, пачынаючы з 2011 году, калі старшынём КДБ быў Зайцаў і калі КДБ былі дадзеныя найбольшыя паўнамоцтвы. Менавіта пры Зайцаву было распрацаванае рэчыва, якім цяпер «пояць» звычайных цывільных, якія трапляюць у СІЗА КДБ.
Менавіта пад гэтым прэпаратам выбіваюцца паказаньні. І, я думаю, мы пабачым неўзабаве дзеяньне гэтага прэпарату на прыкладзе Фядуты, Кастусёва і Зянковіча. Калі жонка Зянковіча скажа, што ён ніколі так не гаварыў і не гаворыць увогуле.
«Не ідзе гаворка пра апэратыўную працу КДБ, хутчэй проста пра мастацкае кіно для застрашваньня дзейных супрацоўнікаў»
— Тады ж вы казалі пра нейкую падзею раніцай 15 сакавіка гэтага году, дэманстравалі пасьведчаньне супрацоўніка КДБ Беларусі і называлі яго нумар, званьне і пасаду чалавека, якому яно належыць. Патлумачце, калі ласка, што гэта было і як гэта зьвязана з усімі далейшымі заявамі спэцслужбаў?
— Гэта супрацоўнік, які ня выйшаў на працу ў панядзелак і які павінен быў уцячы менавіта да мяне з важнай сакрэтнай інфармацыяй. Я да апошняга спадзяваўся, што гэта праўда, што яна пакажа ўсе злачынствы рэжыму. На жаль, гэта аказалася такая ж праца контравыведкі, як гэта было зь Юрасём Зянковічам у Маскве, адзін у адзін. Гэта рабілася дзеля таго, каб выявіць усю агентурную сетку Макара і затрымаць нейкіх, як яны казалі ў фільме, агентаў спэцслужбаў. Гэта было б прыгожа і фэерычна, але ў фільме паказаныя дзьве затрыманыя дзяўчыны, якія вучыліся са мной у школе, нейкая жанчына, якая нібыта нешта раней рабіла, якая выйшла на мяне і расказвала пра зьверскія зьбіцьці АМАПу, і я да яе па-чалавечы паставіўся. Але ў фільме нават машыны не супадаюць з тымі, што пазначаныя ў размовах. Не ідзе гаворка пра апэратыўную працу КДБ, хутчэй проста пра мастацкае кіно для застрашваньня дзейных супрацоўнікаў сілавога блёку.
— Восеньню вы сталі публічнай фігурай. Інфармацыя, якую вы распаўсюджваеце, становіць грамадзкі інтарэс, спэцслужбы шмат робяць дзеля таго, каб вас дыскрэдытаваць. У якой кааліцыі, у якім партнэрстве вы дзейнічаеце? Ці дзейнічаеце вы самастойна, ці ў каардынацыі са штабам Ціханоўскай, НАК, ініцыятывай BY_POL?
— Ні з кім не супрацоўнічаю ўвогуле. І, калі шчыра, сёньня не хачу. Але калі Сьвятлана Георгіеўна Ціханоўская палічыць патрэбным бачыць мяне ў яе штабе ў пытаньнях сілавога блёку, цяпер ад гэтага не адмоўлюся. Я буду змагацца з рэжымам Лукашэнкі. Я сабе даў слова, і гэта мой абавязак. Добра, што гэта ня тычыцца маёй сямʼі. Каб я меў сваю сямʼю і дзяцей, ня думаю, што я на гэта пайшоў бы.