Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што з цукровымі камбінатамі, дырэктараў якіх затрымлівалі ў «цукровай справе»


Скідальскі цукровы камбінат, 2020 год
Скідальскі цукровы камбінат, 2020 год

У студзені мінулага году сілавікі затрымалі дырэктараў усіх 4 цукровых камбінатаў Беларусі. Глядзім, што цяпер з гэтымі прадпрыемствамі.

У студзені мінулага году пачалася рэзанансная «цукровая справа». Сілавікі разьвярнулі авіярэйс Менск — Мюнхэн над Уроцлавам і затрымалі мэнэджараў усіх чатырох цукровых камбінатаў, якія ёсьць у Беларусі.

Гэта былі Міхаіл Крыштаповіч (Гарадзейскі камбінат), Віктар Міронаў (Жабінкаўскі цукровы завод), Мікалай Пруднік (Слуцкі камбінат), Дзьмітры Ягораў (Скідальскі завод).

Таксама быў затрыманы былы начальнік 2-га ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Уладзімер Ціхіня.

Распачалі крымінальныя справы за хабар.

Цяпер вядома, што Ўладзімер Ціхіня і Мікалай Пруднік на волі. Апошні працуе на менскай кандытарскай фабрыцы «Слодыч». Глядзім, што цяпер з цукровымі заводамі.

Жабінкаўскі цукровы завод — прыбытак упаў у 5 разоў

Жабінкаўскі цукровы завод, паводле парталу фінансавага рынку, скончыў 2020 год з прыбыткам у 236 тысяч рублёў. Годам раней прыбытак быў у 5 разоў большы.

Даўгі заводу вырасьлі. Калі ў 2019-м завод быў вінен па доўгатэрміновых крэдытах 111 мільёнаў, то цяпер даўгі вырасьлі на 32 мільёны, да 144 мільёнаў.

Вырасла і кароткатэрміновая запазычанасьць — з 25 да 27 мільёнаў рублёў.

Слуцкі цукроварафінадны камбінат

АБНОЎЛЕНА 1.05.2021. Слуцкі цукроварафінадны камбінат зьняпраўдзіў інфармацыю пра рэкордныя фінансавыя страты, запатрабаваўшы выбачэньняў у СМІ, якія пра гэта напісалі.

У публікацыі ад 19 красавіка 2021 года «Прыбытак упаў у 28 разоў. Што з цукровымі камбінатамі, дырэктараў якіх затрымлівалі ў „цукровай справе“» Радыё Свабода паведаміла пра рэкордныя страты слуцкага прадпрыемства.

Мы спасылаліся на дадзеныя справаздачы за 2020 год, апублікаванай на афіцыйным сайце Слуцкага цукроварафінаднага камбіната.

Цяпер гэтая справаздача недасяжная, аднак на Адзіным партале фінансавага рынку і на сайце прадпрыемства зьявілася новая справаздача за мінулы год.

Паводле яе, чысты прыбытак прадпрыемства летась склад 9,658 млн рублёў, а ў 2019-м — 9,892 млн.

Чысты прыбытак Слуцкага цукроварафінаднага камбінату за мінулы год — 304 тысячы рублёў. У 2019-м за такі ж пэрыяд ён быў большы ў 28 разоў. Прычым страты ад бягучай дзейнасьці заводу — 3,5 мільёна рублёў.

Вырасьлі і кароткатэрміновыя запазычанасьці: у сакавіку 2019 году завод быў вінен 118 мільёнаў рублёў, а ўжо праз год — 141 мільён. Рост — 23 мільёны за год.

Па доўгатэрміновых абавязаньнях завод вінен 161 тысячу.

Скідальскі цукровы камбінат — даўгі вырасьлі на 15 мільёнаў

Скідальскі цукровы камбінат за 2020 год выбіўся са стратаў. Чысты прыбытак за год — 129 тысяч рублёў, годам раней былі страты на 600 тысяч.

За год вырасьлі і доўгатэрміновыя абавязаньні — са 120 да 135 мільёнаў. Кароткатэрміновыя даўгі зьнізіліся з 42 да 40 мільёнаў.

Гарадзейскі цукровы камбінат — страты і даўгі

У 2020 годзе Гарадзейскі цукровы камбінат спрацаваў са стратамі на 10 мільёнаў рублёў. Камбінат мае 111 мільёнаў рублёў даўгоў па доўгатэрміновых абавязаньнях, за год гэтая лічба вырасла на 11 мільёнаў. Па кароткатэрміновых абавязаньнях у заводу даўгоў на 52 мільёны рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG