Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цукровая справа». Беларусь набывала сыравіну для цукру ў Расеі, хоць мела сваю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода разьбіралася, што магло стаць прычынай для затрыманьня чатырох кіраўнікоў буйных цукровых камбінатаў.

У Беларусі зьніклі дырэктары адразу ўсіх чатырох цукровых заводаў — 27 студзеня на працу ня выйшаў ніводзін зь іх.

Дагэтуль ні КДБ, ні Сьледчы камітэт афіцыйна не пракамэнтавалі адсутнасьць на працоўных месцах «цукровых кіраўнікоў»:

  • дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча,
  • дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалая Прудніка,
  • дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу Віктара Міронава,
  • дырэктара Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітрыя Ягорава,
  • дырэктара Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітрыя Кірылава.

Пра справу выказаўся толькі генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк. Ён сказаў, што «пакуль ня хоча анансаваць» некаторыя справы, але яны цяпер «на слыху ва ўсёй рэспублікі». І падкрэсьліў, што тое, што адбылося, зьвязана з вонкавай дэбіторскай запазычанасьцю і тымі «махлярскімі схемамі, якія заключаюцца паміж нашымі кіраўнікамі прадпрыемстваў і контрагентамі, у асноўным расейскімі».

Набывалі расейскую сыравіну для цукру, хоць мелі сваю

Са студзеня па лістапад Беларусь завезла 4,5 тысячы тон сыравіны для цукру (цукар-сырэц) на 1,8 мільёна даляраў(паводле Белстату). Гэта ўтрая болей, чым за такі ж пэрыяд у 2018 годзе. Чаму — не зразумела, бо ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі кажуць, што выканалі задачу па цукровых бураках на 100%.

«Магчыма, гэта набывалі нейкія асобныя прадпрыемствы, бо мы адказваем толькі за прадпрыемствы нашага міністэрства. Мы па сваім ураджаі дзяржзамову выканалі на 100% і паставілі яго на прадпрыемствы на 100%», — сказалі Свабодзе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Вядома, што ў Расеі цукар, як і сыравіна для яго, ужо некалькі гадоў таньнейшы, чым у Беларусі. Бо там цэны вызначаюцца рынкава, а ў Беларусі яны кантралююцца дзяржавай. На расейскім рынку склаўся лішак цукру, таму цэны на яго ўпалі там на траціну, а ў Беларусі — не. Такім чынам, купля магла быць выгаднай.

Калі яшчэ набывалі сыравіну для цукру ў Расеі

Да 2015 году імпарт цукровай сыравіны з Расеі быў зусім малы: у розныя гады ад 3 тысяч да 30 тысяч даляраў. У 2015 годзе пачынаецца рост імпарту цукровай сыравіны. Максымальна яе імпартавалі ў 2017 годзе — на 6,7 мільёна даляраў. Летась за пэрыяд са студзеня па кастрычнік цукровай сыравіны з Расеі завезьлі на 1,8 мільёна даляраў.

«Не разумею, навошта спатрэбілася набываць сыравіну, калі мы самі яе робім. Тут прасочваецца схема. Гэтую сытуацыю трэба было вырашаць адразу. Гэта шырокамаштабная схема. Дзеяньні праваахоўнікаў тут заканамерныя. Але пытаньне да Міністэрства сельскай гаспадаркі — чаму не прынялі меры, каб зрабіць таньнейшай сыравіну тут, у Беларусі», — разважае эканаміст Пятро Мігурскі.

Ці ёсьць іншыя прычыны затрыманьня?

Тры з чатырох цукровых камбінатаў, дзе, імаверна, затрымалі кіраўнікоў, былі стратныя. Гэта вынікае са справаздачнасьці на сайце portal.gov.by. Генпракурор Аляксандар Канюк, гаворачы пра затрыманьні, згадаў дэбіторскую запазычанасьць заводаў. Гэта значыць, што прадукцыю ў іх набылі, але пакуль не расплаціліся.

Напрыклад, Жабінкаўскі камбінат на 2018 год меў дэбіторскую запазычанасьць на 19 мільёнаў рублёў, Гарадзейскі — на 4,9 мільёна.

Два цукровыя заводы ў 2019 годзе правялі «буйную зьдзелку». Жабінкаўскі камбінат залажыў маёмасьць на 88 мільёнаў рублёў, а Скідзельскі цукровы камбінат узяў крэдыт на 152 мільёны рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG