Пасьля нядаўняга рашэньня суду ў Магілёве пастанову аб прызнаньні аднаго з каналаў экстрэмісцкім выдаў і горадзенскі суд.
Сайт Генэральнай пракуратуры паведаміў аб прызнаньні тэлеграм-каналу «Гродна 97%» экстрэмісцкім. Гэта зроблена на падставе патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму».
Пракурор Горадні даслаў матэрыялы ў суд Ленінскага раёну гораду. Той выдаў пастанову аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі каналу зь лягатыпам «Гродна 97%» экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэньне ўступіла ў сілу неадкладна.
Копію рашэньня суду накіравалі ў Міністэрства інфармацыі, якое мае ўключыць канал у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На мінулым тыдні іншы суд, таксама Ленінскага раёну, але ў Магілёве, дадаў у сьпіс «забароненых» тэлеграм-каналы «Магілёў 97%», «Бабруйск 97%», «Асіповічы для жыцьця» і «Бульвар Няскораных».
За публікацыю ці рэпост інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, якія трапілі ў «экстрэмісцкі сьпіс», прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць і пакараньне ажно да арышту.