У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся працэс над Аляксеем Санчуком, якога затрымалі 4 лістапада ў гаражы на вуліцы Ціміразева на рэпэтыцыі ўдарнікаў. Музыкам Аляксей ня быў, але захапляўся бубнамі. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, навучаньні і падрыхтоўцы іншых, адміністраваньні тэлеграм-каналу «Крыжыкі», а таксама ў падрыхтоўцы да злачынства.
Судзьдзя — Тацяна Пірожнікава, дзяржаўны абвінаваўца — Яўген Серыкаў.
Абвінавачаньне пракурор зачытваў гадзіну: пра ўдзел у беспарадках, іх фінансаваньне, піратэхніку, лазэрныя ўказкі
Абвінавачаньні Аляксею Санчуку пракурор Яўген Серыкаў у вельмі шпаркім тэмпе зачытваў цягам гадзіны. Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 году Аляксей Санчук браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансаваньня пратэстаў.
Таксама, як сьцьвярджае пракурор, ён стварыў тэлеграм-канал, які мае ў сваёй назьве слова «Крыжыкі», празь які публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках іншых людзей, вучыў і інфармаваў іх.
Блякаваньнем грамадзкага транспарту Санчук нанёс істотную шкоду «Менсктрансу» падчас усіх нядзельных маршаў у верасьні, кастрычніку і на пачатку лістапада.
Паводле дзяржабвінаваўцы, Санчук купіў шмат небясьпечных піратэхнічных вырабаў (кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), а таксама газавыя балёнчыкі, аптычныя сыстэмы назіраньня, лазэрныя ўказкі, пнэўматычную зброю для падводнага паляваньня, якую перарабіў.
У выніку Аляксея Санчука абвінавачваюць паводле трох артыкулаў КК:
- ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка, і актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак),
- ч. 3 арт. 293 (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і
- арт. 13 (падрыхтоўка да злачынства).
Санчук прызнаў сябе вінаватым у парушэньні частак 1 і 2 артыкулу 342 — арганізацыя групавых дзеяньняў.
«У сувязі з адсутнасьцю юрыдычнай адукацыі я не магу даць кваліфікацыі сваім учынкам.. Што да артыкулу 293-га, я вінаватым сябе не прызнаю», — заявіў абвінавачаны.
Аляксей сказаў, што гатовы даваць паказаньні толькі пасьля апытаньня сьведак і вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы.
«Менсктранс» выставіў абвінавачанаму пазоў на 167 тысяч рублёў.
Пачаўся допыт сьведак
Пракурор і судзьдзя цікавіліся, на якія тэлеграм-каналы падпісаныя сьведкі, што чытаюць, адкуль даведваюцца пра месцы збору на велапрабегі і масавыя акцыі.
Першы сьведка Віталь К. сказаў, што перапісваўся ў групе з чалавекам зь нікнэймам «Кефір», а потым пару разоў сустракаўся з Санчуком, які перадаваў яму белыя бранзалеты і плякаты на бязвыплатнай аснове. А тое, што Санчук мае нікнэйм «Кефір» і зьяўляецца адміністратарам тэлеграм-каналу, яму нібыта сказаў сьледчы.
Другая сьведка пазнаёмілася з Санчуком падчас велапрабегу летам 2020 году, кантактавала зь ім на роварных прагулках у верасьні-кастрычніку, адзін раз была ў кавярні. Калі судзьдзя зачытвала пісьмовыя паказаньні сьведкі, сьледчы зьвярнуў ўвагу, што сьведка кантактавала з Санчуком у мэсэнджарах толькі ў выходныя дні.
Таксама другая сьведка ня лічыць, што Санчук быў адміністратарам тэлеграм-каналу, а што ён быў проста ўдзельнікам групы, як і яна.
Працэс працягваецца.
Аляксею Санчуку 30 гадоў. Ён скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж, прафэсійна займаўся зборкай мэблі. Яго затрымалі ў лістападзе разам з камандай бубначоў «Патрабуем разысьціся». Кагосьці з музыкаў тады аштрафавалі, хтосьці адбыў суткі, а на Санчука, які проста прысутнічаў на рэпэтыцыі, завялі крымінальную справу.