У Беларусі зарэгістравана больш за 3 тысячы злачынстваў, зьвязаных з арганізацыяй і правядзеньнем незаконных масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту, паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Генадзь Дыско, якога цытуе БелТА.
Пратэсты Дыско назваў «грамадзка небясьпечнымі дзеяньнямі, накіраванымі на разбурэньне правапарадку і беларускай дзяржаўнасьці».
Намесьнік генпракурора ўдакладніў, што сілавікі выявілі больш за 750 фактаў апаганьваньня пабудоў і псаваньня маёмасьці, каля 600 абраз прадстаўнікоў улады, больш за 300 выпадкаў гвалту або пагрозы прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі.
Па словах Дыско, на гэтым фоне «актывізавалася і кіберзлачыннасьць». Летась такіх злачынстваў зарэгістравалі больш за 25 тысяч, што амаль у 2,5 раза больш, чым у 2019. Чацьвёртая частка ўсіх злачынстваў зьдзяйсьняецца з выкарыстаньнем IT-тэхналёгій. Часьцей ад іх пакутуюць малазабясьпечаныя грамадзяне і пэнсіянэры.
Між тым пракуратура і СК не завялі ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерцяў, пабіцьця і катаваньняў удзельнікаў пратэстаў, пры тым, што пацярпелыя накіравалі некалькі тысяч скаргаў.
У Беларусі пасьля 9 жніўня пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, пераможцам якіх зноў аб’явілі Лукашэнку, які знаходзіцца на чале краіны ўжо 26 гадоў. Міжнародная супольнасьць і экс-кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах палічылі вынікі выбараў сфальсыфікаванымі. У краіне разгарнуліся маштабныя пратэсты. Цяпер штодня адбываюцца лякальныя акцыі пратэсту, людзей працягваюць караць суткамі, штрафамі і заводзіць на іх крымінальныя справы.