1 верасьня ў Беларусі заклікалі да ўсеагульнага страйку. Студэнты менскіх навучальных установаў ідуць маршам да Міністэрства адукацыі.
Падчас студэнцкай акцыі пратэсту ў Менску затрымалі сама меней 53 чалавек — гэта толькі тыя, чые прозьвішчы вядомыя, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Сярод затрыманых сёньня — прынамсі 8 журналістаў, якія асьвятлялі акцыю пратэсту.
Студэнтаў, затрыманых зранку, адпусьцілі без складаньня пратаколаў.
Пасьля разгону акцыі ля стадыёну «Дынама» асноўная частка ўдзельнікаў разышлася. Некаторыя, аднак, працягнулі ўдзел у акцыі.
У 17.30 на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, дзе студэнты прарвалі ачапленьне, зноў пачаліся сутычкі паміж удзельнікамі акцыі і АМАПам, паведамляе KyKy.org.
А пад Ліцэем БДУ, дзе ладзілі «ланцуг салідарнасьці», зьявіўся АМАП — удзельнікі акцыі і журналісты зайшлі ў будынак ліцэю, але людзей адтуль выганяюць. Затрымалі прынамсі аднаго чалавека, паведамляе Белсат.
16.40 Студэнты заблякавалі міліцэйскую машыну. Да іх падбег АМАП, адну дзяўчыну зьбілі з ног.
16.30 Тым часам цяпер ля Ліцэя БДУ стаіць «ланцуг салідарнасьці» выпускнікоў і работнікаў ліцэю. Сярод іх — былы дырэктар ліцэю Макар Шніп.
16.28 Каля стадыёну «Дынама» на вуліцы Кірава затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай. Рэшта разьбеглася. Цяпер тут застаецца каля сотні студэнтаў.
16.15 АМАП толькі што затрымаў некалькі чалавек на скрыжаваньні Сьвярдлова і Кірава, перадае карэспандэнт Свабоды.
15.57 Студэнты прайшлі вуліцамі старога гораду і выйшлі на праспэкт Незалежнасьці каля будынку КДБ.
15:38 Яшчэ адна калёна толькі прыйшла на Нямігу з боку плошчы Перамогі. Асноўная частка студэнтаў застаецца ў раёне вуліцы Нямігі.
15:31 Зь міліцыі вызвалілі затрыманую журналістку «Эўрарадыё» Марыю Вайтовіч і журналіста «Белорусы и рынок» Рамана Годуна, піша «Эўрарадыё» .
15:26 Сілавікі спрабуюць заблякаваць праход па вуліцы Няміга ад Катэдральнага сабору ў бок Раманаўскай слабады. Студэнты перабягаюць цераз дарогу на другі бок.
15:19 Студэнты атачылі з усіх бакоў атрад міліцыянтаў каля Катэдральнага сабору. Дэманстранты крычаць АМАПу «Пайшлі вон». Міліцыянты сышлі, пасьля таго як апынуліся ў атачэньні.
15:15 Міліцыя спыніла калёну на вуліцы Няміга.
15:12 Затрыманы выкладчык гістарычнага факультэту БДУ Вадзім Белявец патлумачыў акалічнасьці свайго затрыманьня. Ён сказаў, што хацеў пераканаць студэнтаў не ісьці з пэтыцыяй да Міністэрства адукацыі, бо гэты будынак «зьяўляецца стабільнай пляцоўкай органаў унутраных справаў».
«Але калі я пабачыў, што студэнтаў затрымліваюць людзі ў цывільным, я папрасіў прадставіцца іх, яны не прадставіліся і мяне затрымалі. Я не супраціўляўся», — сказаў Белявец.
Выкладчыка завезьлі ў Маскоўскі РУУС, узялі паказаньні і адпусьцілі. Тым часам шматтысячныя калёны студэнтаў ужо ішлі па вуліцах Менску. Белявец лічыць патрабаваньні студэнтаў справядлівымі і сказаў, што прытрымліваецца падобных поглядаў. Белявец кажа, што 18 жніўня рэктар БДУ прыняў рашэньне не звальняць супрацоўнікаў і студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях. Таму ён спадзяецца, што зь ім «усё будзе добра».
15:06 Праспэкт Незалежнасьці перакрылі сілавікі. Транспарт зь сілавікамі і аўтазакі едуць па вуліцы Бабруйскай ля ТЦ Galileo, піша Tut.by.
15:05 Студэнты ідуць па вуліцы Зыбіцкай, бо міліцыя перакрыла Інтэрнацыянальную. Скандуюць: «Усе на Зыбу».
15:03 Выкладчыкі БНТУ не далі студэнтам далучыцца да калёны пратэстоўцаў. Калі калёна Маршу студэнтаў ішла па праспэкце Незалежнасьці ў Менску каля галоўнага корпусу Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, удзельнікі акцыі скандавалі «БНТУ! БНТУ!», але адтуль ніхто выйсьці ня змог.
«Хоць дзьверы былі адчыненыя, але ўздоўж агароджы стаялі кіраўнікі факультэтаў і кантралявалі, каб ніхто са студэнтаў ня выйшаў», — расказаў Свабодзе адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту.
15:00 АМАП перагарадзіў вуліцу Янкі Купалы, і студэнты збочваюць на Інтэрнацыянальную.
14:55 Ля Міністэрства адукацыі стаяць міліцэйскія і вайсковыя машыны, а таксама грузавікі, аўтобусы і карэта хуткай дапамогі. Відэа з камэраў назіраньня апублікаваў тэлеграм-канал «отчислено».
14:51 Міліцыя і АМАП перакрылі вуліцу Карла Маркса і падыход да Кастрычніцкай плошчы на праспэкце Незалежнасьці. Студэнты рухаюцца па вуліцы Янкі Купалы, перасякаюць праспэкт Незалежнасьці.
14:49 Тым часам на афіцыйным сайце БНТУ зьявілася інфармацыя, што рэктарат унівэрсытэту выклікаў праваахоўнікаў «для забесьпячэньня правапарадку і бясьпекі падчас правядзеньня лінейкі першакурсьнікаў». Сайт БНТУ паведаміў пра затрыманьне студэнткі архітэктурнага факультэту.
14:41 Сілавікі перакрылі рух па Першамайскай, дзе ішоў марш. Калёна збочыла на вуліцу Янкі Купалы, рушыць у бок праспэкту Незалежнасьці. Студэнтам на машынах падвозяць ваду.
14:40 Студэнты пастаянна мяняюць маршрут, каб заблытаць АМАП. Праходзячы каля хуткай, крычаць: «Мэдыкі з народам!».
14:31 Па абодвух ходніках вуліцы Першамайскай калёна падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Пуліхава.
14:25 Студэнцкі марш у Менску дайшоў да моста каля мэтро «Першамайская». На мосьце стаяць аўтобусы з байцамі АМАП, перадае «Наша Ніва», таксама амапаўцаў сьцягнулі ў парк Горкага.
14:15 Калёна ідзе па вуліцах Першамайскай і Захарава ў бок стадыёну «Дынама», перадае карэспандэнт Свабоды.
14:05 Да калёны студэнтаў далучыўся былы вядучы фэстывалю «Славянскі базар» Дзяніс Дудзінскі. Ён сказаў, што сам выпускнік МДЛУ і хацеў прыйсьці ў свой унівэрсытэт на сустрэчу зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем. Дудзінскі сказаў Свабодзе, што сёньняшні марш для яго важны, бо па адукацыі ён пэдагог. Ён бы хацеў бачыць на маршы больш студэнтаў, але ён усё адно ў захапленьні ад таго, што адбываецца.
14:03 «Наш прэзыдэнт Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зараз з працоўным візытам у Літве», — сказала Свабодзе студэнтка факультэту міжнародных адносін БДУ.
14:02 На гаўбец дому на вуліцы Казлова выйшлі мужчына і жанчына, якія вывесілі плякат «Мастацтва супраць фашызму».
13:57 Калёна збочыла з праспэкту Незалежнасьці на вуліцу Казлова. Удзельніца шэсьця сказала Свабодзе, што ёй напісалі сябры, нібыта на плошчы Перамогі стаіць АМАП.
13:53 На праспэкце Незалежнасьці спынілася легкавое аўто, адтуль выйшлі хлопец і дзяўчына зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Яны сказалі, што іх спыніў аўтамабіль ДАІ і бацьку дзяўчыны зараз «штрафуюць за налепкі». Дзяўчына сказала, што яны езьдзілі падтрымліваць супрацоўнікаў МЗКЦ, іх там разагналі, і маладыя людзі прыехалі падтрымаць студэнтаў.
13:38 Вялікая калёна студэнтаў вярнулася па праспэкце Незалежнасьці да вуліцы Гікалы, каб злучыцца з калёнай, якая рухалася ад БНТУ і Акадэміі мастацтваў.
12:33 Калёну з боку БДУІР сустракае, ідучы з другога боку вуліцы, калёна з БНТУ.
12:30 Выкладчыца БДПУ сказала Свабодзе, што выйшла, каб падтрымаць студэнтаў.
«Гэта дзеці, я зьдзіўляюся, чаму адміністрацыя такую пазыцыю займае, мне здаецца, яны грудзьмі павінны за іх стаяць. Ні пра які страйкам у пэдагагічным унівэрсытэце я ня чула. Я б не наважылася сама заклікаць студэнтаў да нечага. То бок нашая адміністрацыя кажа, каб мы не заклікалі студэнтаў ні да чога. Я б сама ня стала, але калі яны пойдуць, я буду зь імі», — сказала выкладчыца БДПУ.
13:28 Перад калёнай праехалі аўтазак і машына хуткай дапамогі зь людзьмі ў чорным адзеньні і масках. Удзельнікі маршу рушылі ў адваротны бок. Праз пару хвілін калёна зноў рушыла ў бок Акадэміі навук.
13:25 Калёна падыходзіць да БНТУ і БДУІР па праспэкце Незалежнасьці. Скандуюць: «Мы студэнты, а ня быдла», «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Таніраваныя мікрааўтобусы без нумароў суправаджаюць калёну па праезнай частцы.
13:22 Каля ЦУМу калёну сустрэў міліцыянт, які кажа, што дзеяньні ўдзельнікаў маршу незаконныя, і просіць разысьціся. Студэнты зноў сталі ў счэпку.
13:19 У журналістаў Радыё Свабода Антона Трафімовіча і Андрэя Рабчыка супрацоўнікі міліцыі праверылі акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.
13:15 Каля станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа» стаяць таніраваныя мікрааўтобусы без нумароў зь людзьмі ў чорным унутры. Студэнты ідуць счэпкай, скандуюць: «Саша, ты адлічаны».
13:12 Студэнтка нямецкай філялёгіі з БДУ сказала Свабодзе, што выйшла на марш зь нямецкім сьцягам і плякатам па-нямецку «Я не штурмавік, я проста хачу вучыцца».
13:08 Калёна выйшла на праспэкт Незалежнасьці з вуліцы Казлова. Аўтамабілісты сыгналяць удзельнікам маршу.
13:01 Студэнцкі марш ідзе па вуліцы Казлова ў бок праспэкту Незалежнасьці.
12:57 Навуковыя супрацоўнікі БДУ сказалі, што выйшлі на марш, каб падтрымаць студэнтаў. Яны кажуць, што сьвяткуюць дзень ведаў. «Маладыя больш рашучыя, мне здаецца, што гэта генэтычнае пачуцьцё страху», — сказала жанчына.
12:47 Другая калёна з БДУ дагнала вялікую калёну ў парку Горкага. Студэнтка юрыдычнага факультэту БДУ сказала Свабодзе, што ў калёне ёсьць і студэнты БНТУ. Даганяючы першую калёну, студэнткі сказалі, што бачылі бусікі і ціхароў.
12:35 Калёна студэнтаў ходзіць па парку Горкага. Калёна расьцягнулася па парку, а пасьля спынілася, каб канец калёны змог дагнаць пачатак. Студэнтка філфаку БДУ сказала, што выхад на страйк — «гэта адзінае, што яны могуць зрабіць». Сьпяваюць песьню Віктара Цоя «Перемен».
12:30 Калёна рухаецца па вуліцы Янкі Купалы, да яе далучыліся адзінкавыя студэнты БДУІР і БДПУ.
12:28 Студэнтка МДЛУ, якая рухаецца ў калёне па праспэкце Незалежнасьці, сказала, што бачыла затрыманьні на плошчы Перамогі. Яна сказала, што затрымлівалі пераважна хлапцоў. Дадала, што міністар замежных спраў сустракаўся сёньня з супрацоўнікамі ўнівэрсытэту і часткай студэнтаў — сябраў БРСМ. Іншых студэнтаў на сустрэчу з Макеем не пусьцілі.
«Любая небясьпека вартая таго, каб жыць лепш», — сказала дзяўчына.
12:27 Студэнцкі марш рухаецца па праспэкце Незалежнасьці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі.
12:25 Выпускніца гістарычнага факультэту БДУ сказала, што вырашыла дапамагчы цяперашнім студэнтам, каб прыпыніць ціск адміністрацыі. Яна паведаміла пра затрыманьне выкладчыка гістарычнага факультэту каля галоўнага корпусу БДУ. Меркавана гэта быў кандыдат гістарычных навук Вадзім Белявец.
12:24 Ад БДУ па вуліцы Карла Маркса ідзе яшчэ адна калёна з 50 чалавек.
12:19 Да калёны студэнтаў БДУ на плошчы Леніна далучыліся студэнты БДЭУ. Студэнт БДЭУ сказаў, што некаторых студэнтаў вылоўлівалі і затрымлівалі на падыходзе да 5-га корпусу БДЭУ. Ён кажа, што не баіцца адлічэньня з унівэрсытэту, пасьля жорсткіх затрыманьняў 9–11 жніўня: «Нашмат страшней, каб гэта працягвалася яшчэ 5 гадоў».
12:18 Калёна студэнтаў перайшла на вуліцу, каб пазьбегчы затрыманьняў і не ісьці да Адміністрацыі прэзыдэнта.
12:10 Калёна студэнтаў БДУ ідзе па вуліцы Карла Маркса. Куды ідзе калёна, удзельніца калёны сказала Свабодзе, што ня ведае. Удзельнікі калёны скандуюць «БДУ», «Сабачку», «Студэнты з народам», «Жыве Беларусь», «Саша, ты звольнены», «Саша, ты адлічаны». Студэнтка філялягічнага факультэту БДУ ў размове са Свабодай сказала, што ў калёне ёсьць яе выкладчыкі.
12:07 Каля галоўнага корпусу БДУ людзі ў чорным і ў вайсковай форме затрымалі і зьбівалі людзей.
12:00 Калёну студэнтаў БДУ выцесьнілі да корпусу юрыдычнага факультэту. АМАП заблякаваў галоўны корпус БДУ, піша тэлеграм-канал «отчислено».
11:45 Зачынілі станцыю мэтро «Плошча Перамогі», пасьля разгону студэнтаў станцыю адчынілі ў 11:58.
11:40 АМАП і супрацоўнікі міліцыі разагналі студэнцкі марш каля плошчы Перамогі. Затрымалі маладых людзей, якія сталі перад калёнай АМАПу ў счэпцы. Некаторых людзей сілавікі білі падчас затрыманьня. Частка ўдзельнікаў студэнцкага маршу разьбеглася.
Перад затрыманьнямі АМАП у балаклавах і міліцыянты ў масках падышлі да калёны студэнтаў і папрасілі іх разысьціся. Студэнты казалі міліцыянтам, што яны гуляюць.
Перад гэтым падчас жывога эфіру «Эўрарадыё» затрымалі журналістку Марыю Вайтовіч і апэратара Рамана.