Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускіх ВНУ адлічылі ўжо 138 чалавек. Студэнты заклікалі стварыць Агульнакультурніцкае студэнцкае аб’яднаньне


Ілюстрацыйнае фота. Страйк ля менскай Акадэміі мастацтваў
Ілюстрацыйнае фота. Страйк ля менскай Акадэміі мастацтваў

Зь беларускіх ВНУ на раніцу 3 лістапада адлічылі ўжо 138 студэнтаў, ад пачатку верасьня звольнілі 15 выкладчыкаў, паведамляе «Студэнцкая думка». У адказ на рэпрэсіі студэнты БДУКМ і БДАМ прапанавалі стварыць Агульнакультурніцкае студэнцкае аб’яднаньне, а супрацоўнікі МДЛУ напісалі зварот да рэктара.

У Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце, паводле зьвестак БелаПАН, на сёньня пацьверджанае 21 адлічэньне, аднак у лісьце ў Мінадукацыі за подпісам прарэктара па выхаваўчай працы Паўла Маркаўцана паведамляецца пра адлічэньне 9 студэнтаў. Студэнты, якія, імаверна, трапілі ў сьпісы, заяўляюць у тэлеграм-каналах «Рупар БДМУ» і «Белыя халаты», што некаторыя адлічаныя ня могуць азнаёміцца з загадамі — у дэканатах кажуць, што такіх дакумэнтаў няма.

Студэнты і выкладчыкі БДМУ пішуць пэтыцыі да кіраўніцтва з патрабаваньнем адмяніць загады аб адлічэньнях і працягваюць выходзіць на акцыі салідарнасьці.

Больш за ўсё выкладчыкаў звольнілі ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, дзе яны актыўна падтрымалі страйк студэнтаў. За апошнія дні з ВНУ звольнілі трох выкладчыкаў, яшчэ трое звольніліся самі дзеля салідарнасьці. Дацэнта Натальлю Дуліну затрымалі 30 кастрычніка непадалёк ад МДЛУ і арыштавалі на 14 сутак на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КаАП. У адказ студэнты абвясьцілі сэрыю акцый салідарнасьці з выкладчыцай.

З панядзелка ў МДЛУ праходзіць «Тыдзень сініх стужак». А 3 лістапада супрацоўнікі ВНУ перадалі зварот да рэктара з патрабаваньнем вярнуць звольненых выкладчыкаў і студэнтаў. Яго падпісалі каля 70 выкладчыкаў.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў апублікавалі ў тэлеграм-канале «IN Культ» відэазварот з заклікам да студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў аб’яднацца і стварыць Агульнакультурніцкае студэнцкае аб’яднаньне. Раней у гэтых дзьвюх ВНУ таксама прайшлі масавыя адлічэньні студэнтаў, а ў БДУКМ не працягнулі кантракт старшаму выкладчыку катэдры мэнэджмэнту сацыякультурнай дзейнасьці Дзьмітрыю Матуйзу.

Бацькі студэнтаў-платнікаў БДУІР склалі калектыўны зварот рэктару ВНУ Вадзіму Богушу. Яны патрабуюць абараніць выкладчыкаў унівэрсытэта і спыніць перасьлед студэнтаў за іх погляды. Як распавёў dev.by адзін з бацькоў, зварот ужо падпісалі 130 чалавек. Збор подпісаў працягваецца.

У ВНУ працягваюцца сядзячыя акцыі пратэсту, студэнты масава выходзяць з БРСМ. На шэрагу заняткаў, як паведамляюць студэнцкія тэлеграм-каналы, адбываецца не навучальны працэс, а фактычна італьянская забастоўка — выкладчыкі абмяркоўваюць са студэнтамі страйк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG